18 красавіка пачнецца суд над бізнэсоўцам Аляксандрам Кныровічам

18 красавіка пачнецца суд над бізнэсоўцам Аляксандрам Кныровічам

18 красавіка ў судзе Фрунзенскага раёна Мінска пачнецца разгляд крымінальнай справы вядомага бізнесоўца і блогера, кіраўніка кампаніі "СарматТэрма-Інжынірынг" Аляксандра Кныровіча. Яго вінавацяць у дачы хабару. Пра гэта агенцтву БЕЛТА паведаміла памочнік старшыні Мінскага гарадскога суда Анастасія Шыльвян.

На лаве падсудных апынуліся пяць чалавек. Акрамя Кныровіча гэта дырэктар кампаніі "СарматТэрма-Інжынірынг", яго намеснікі ды вядучы эканаміст. 

Кныровіч знаходзіцца за кратамі ўжо другі год: яго затрымалі 25 студзеня 2017-га. Яго справу расследаваў КДБ. 

Паводле следства, з 2014 года прадстаўнікі кампаніі Кныровіча падкуплялі кіраўнікоў і службовых асоб прадпрыемстваў ЖКГ і арганізацый энергетыкі, каб падрабіць вынікі таргоў на карысць кампаніі. "СарматТэрма-Інжынірынг" займалася пастаўкай дарагой прадукцыі — папярэдне тэрмаізаляваных трубаў (ПІ-трубы). Першапачаткова яны дамаўляліся пра аб'ём паставак, кошт, "адкат" і г.д. Потым прадстаўнікі ЖКГ і энергетыкі паведамлялі кампаніі звесткі са спецыфікацый па ПІ-трубах, што дазваляла фірме сфармаваць прапанову ў поўнай адпаведнасці з заяўкай.

Як паведамляецца, брокеры на біржы таксама працавалі на карысць кампаніі Кныровіча за незаконныя ўзнагароджанні — 2-3% ад кошту здзелкі (службовыя асобы прадпрыемстваў — да 7,5%). Пры гэтым сумы "адкатаў" фірма закладвала ў сабекошт прадукцыі. 

У 2014-2016 гадах ТАА "СарматТэрма-Інжынірынг" паставіла арганізацыям краіны трубы на суму больш за 90 млн рублёў. Прыбытак кампаніі, як заяўляюць следчыя, 
аператыўна пераводзіўся на рахункі афіляваных структур, у тым ліку незаконна выводзіўся за мяжу для атрымання наяўных грошай праз створаныя для гэтага замежныя кампаніі. Выведзеныя грошы размяркоўваліся паміж кіраўніцтвам беларускай фірмы, а таксама ішлі на хабар службовым асобам.

У студзені 2017 года пры атрыманні хабараў на агульную суму больш як 20 тысяч рублёў за прасоўванне прадукцыі ТАА "СарматТэрма-Інжынірынг" былі затрыманыя кіраўнікі і службовыя асобы такіх дзяржаўных арганізацый, як ГУПП "Бярозаўскае ЖКГ", РУП "Брэстэнерга", КВУП "Гомельаблцепласеткі", УПТК КУП "Брэстжылбуд". Адначасова затрыманы дырэктар ТАА "Аншанс Плюс", які прадстаўляў на біржы інтарэсы КВУП "Гомельаблцепласетка" і РУП "Свіслацкае ЖКГ".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі