2 жанчыны з 10 пасля размовы са спецыялістам ад аборта адмаўляюцца
Гінеколаг упэўнены, што новы законапраект аб увядзенні перыяда чакання для тых, хто збіраецца зрабіць аборт, зменшыць іх колькасць у Беларусі.
Галоўны ўрач гарадской гінекалагічнай бальніцы Мінска Аляксандр Біч новаўвядзенне дэпутатаў падтрымлівае.
“Справа ў тым, што ў нас, да прыкладу, ужо такая практыка існуе і нават па некаторых гінекалогіях Мінска. З жанчынамі размаўляюць святары, псіхолаг, гінеколаг. І вельмі добра, калі гэта будзе ўведзена па ўсёй Беларусі”, — заўважае доктар.
Аляксандр Біч нават прыводзіць статыстыку гэтай практыкі — дзве-тры жанчыны з дзесяці пасля такіх размоў адмаўляюцца ад аперацыі!
“І сыходзяць цяжарнымі. Жанчыне трэба даць магчымасць падумаць, ацаніць усё. Каб яна спакойна ўсё сама для сябе вырашыла!” — кажа гінеколаг.
На думку доктара, такая практыка можа паўплываць на змяншэнне колькасці абортаў у краіне, і ён цалкам падтрымлівае новаўвядзенне.
Законапраект таксама прадугледжвае замацаванне права доктара на адмову ад правядзення штучнага перарывання цяжарнасці. Для гэтага доктар павінен даць пісьмовую адмову ад правядзення працэдуры на імя кіраўніка ўстановы, і толькі ў тым выпадку, калі гэтая адмова не пагражае стану і здароўю ці жыццю маці.
Гінеколаг кажа, што такое заканадаўчае новаўвядзенне каментаваць не хоча, бо гэта вельмі і вельмі далікатнае пытанне.
“А калі 2 дактары са 100 адмовяцца рабіць? Куды пойдзе жанчына рабіць аборт, бо заканадаўча замацавана яе права на такую аперацыю? Да бабулек! І гэта нанясе большую шкоду яе здароўю. Я ведаю, што многія дактары адмовяцца рабіць аборт. Я, напрыклад, ужо сем гадоў не раблю аборты. Гэта вельмі спрэчнае пытанне, я не гатовы гэтую норму каментаваць”.