Стала вядомая закрытая статыстыка захворвання на COVID-19

Медыкі падчас каранавіруса, ілюстрацыйнае фота

Медыкі падчас каранавіруса, ілюстрацыйнае фота

Неўзабаве пасля пачатку пандэміі COVID-19 Мінздароўя закрыла статыстыку па гэтым захворванні. Пасля гэтага Белстат закрыў статыстыку па смяротнасці. Аднак журналісты сайта "Зеркало" з дапамогай BELPOL атрымалі ўнутраную статыстыку Міздароўя па барацьбе з COVID-19 у Гродзенскай вобласці.

Паводле звестак на 27 сакавіка 2024 года, агулам ад пачатку пандэміі ў вобласці было зарэгістравана 240 950 выпадкаў COVID-19. Памерлі 910 чалавек "з вызначаным патолагаанатамічным дыягназам".

Афіцыйную статыстыку Мінздароўя апошні раз публікавала за ліпень 2022 года. Тады паведамлялася, што ад пачатку пандэміі ў Беларусі зарэгістравана 994 037 чалавек "са станоўчым тэстам на COVID-19", памерлі 7118 з іх. Праўда, неафіцыйныя сведчанні паказвалі, што ведамства заніжае паказчыкі захворвання.

Дарэчы, у закрытай табліцы Мінздароўя асобна адзначаныя медыкі "з падазрэннем на захворванне на каранавірусную інфекцыю". Іх з пачатку пандэміі ў Гродзенскай вобласці выявілі 11 529. Сярод іх былі 2463 дактары, 4791 сярэдні медработнік і яшчэ 4275 "іншых". Прычым у табліцы не пазначана, колькі з іх атрымалі станоўчы тэст на COVID, колькі з іх паправіліся, а колькі — памерлі. І ва ўсіх выпадках пазначана, што захворванне не было звязанае з працай і аказаннем дапамогі пацыентам.

Між тым вядома, што ад каранавіруса медыкі гінулі ва ўсім свеце. Гендырэктар СААЗ Тэдрас Аданам Гебрэесус у траўні 2021 года казаў пра мінімум 115 тысяч памерых ад каранавіруса медыцынскіх і сацыяльных работнікаў. 

Стала вядомая закрытая статыстыка захворвання на COVID-19
Закрытая статыстыка Мінздароўя па Гродзенскай вобласці / "Зеркало"

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі