21 студзеня па ўсёй Беларусі прарвала трубы: чаму сістэма ЖКГ дала расколіну

21 студзеня ў многіх беларусаў батарэі былі халодныя  / БЕЛТА
21 студзеня ў многіх беларусаў батарэі былі халодныя  / БЕЛТА

21 студзеня праз пашкоджанне цеплатрасы без ацяплення і гарачай вады засталіся Паўднёвы Захад, Малінаўка і іншыя мікрараёны ў Маскоўскім раёне Мінска. У той жа дзень трубы прарвала ў іншых раёнах сталіцы: у некаторых пад'ездах гарачая вада проста цякла па лесвіцах! Аварыі на цепласетках адбыліся таксама ў Віцебску, Магілёве, Бабруйску і Оршы. Усё гэта — за адзін дзень!

А некалькімі днямі раней на перабоі з падачай гарачай вады і ацяпленнем скардзіліся жыхары Фаніпаля, Жлобіна і Салігорска.

Чаму беларуская сістэма ЖКГ раптам дала расколіну?

21 января по всей Беларуси прорвало трубы: почему система ЖКХ дала трещину

Па словах галоўнага інжынера "Мінскэнерга" Аляксандра Драгуна, нічога такога з жыллёва-камунальнай гаспадаркай не адбываецца. Аварыя ў Маскоўскім раёне Мінска адбылася праз трэснуты кампенсатар — прыладу, якая дазваляе трубе "як гармоніку" рэагаваць на ваганні тэмператур.

Драгун сцвярджае, што рэч не ў зносе трубаправода: ён быў уведзены ў эксплуатацыю ў 2011 годзе і эксплуатаваўся згодна з рэгламентам. Чаму адбылася аварыя, цяпер высвятляюць спецыялісты, да аналізу сітуацыі будуць прыцягнутыя навукоўцы з Міжсістэмнай лабараторыі кантролю металу і зваркі.

Але чым растлумачыць, што за адзін дзень адбылося так шмат аварый?

Аляксандр Драгун тлумачыць гэта рэзкім — да -24 — пахаладаннем і "чалавечым фактарам".

"Мінус 24 градусы — гэта тэмпература, на якую разлічаны нашы цеплатрасы, якія агароджваюць канструкцыі будынкаў. Пры наяўнасці скразнякоў пры такой тэмпературы цепланосьбіт дзесьці проста замярзае, а потым, калі адбываецца пацяпленне, адтае, і адбываюцца разрывы. Гэта, у прынцыпе, з работай цепласетак не звязана, гэта, як бы сказаць, звязана з безгаспадарчасцю канкрэтных спажыўцоў. Гэты працэс, у прынцыпе, натуральны: дзесьці ў канкрэтных месцах смеццеправоды не ўцепленыя, хтосьці дзесьці нейкія дзверы не зачыніў, дзесьці нешта не зашклілі".

"А што было б, калі б такія маразы трымаліся месяц?"

21 января по всей Беларуси прорвало трубы: почему система ЖКХ дала трещину

"Чыноўнікам і супрацоўнікам камунальных службаў, якія спасылаюцца на надвор'е, хочацца задаць пытанне: а што было б, калі б такія маразы трымаліся месяц? У мяне гатовы адказ: пазамарожвалі б гарады цэлымі мікрараёнамі!" — адказвае сам сабе лідар партыі БНФ Рыгор Кастусёў.

Еўрарадыё звярнулася да апазіцыйнага палітыка нездарма: Кастусёў — не толькі экс-кандыдат у прэзідэнты, але і былы дырэктар Шклоўскага раённага вытворчага аб'яднання ЖКГ (з 1995 да 2001 года). У камунальнай сферы ён працаваў з пачатку 1990-х, таму не па чутках ведае пра яе праблемы:

"Я перыядычна сустракаюся са сваімі былымі калегамі, і яны за галаву бяруцца ад таго, што дзеецца ў камунальнай сферы. Стаўленне ўладаў да яе засталося на ўзроўні 70-80 гадоў, як да п'янага сантэхніка: сёння напіўся — заўтра праспіцца, трубу прарвала — адрамантуе".

Чаму ж, на думку Кастусёва, на самай справе адбыліся аварыі 21 студзеня ў Мінску?

"Кожны аб'ект напярэдадні зімы атрымлівае пашпарт гатоўнасці. А каб атрымаць яго, для цепласетак павінны былі быць праведзены выпрабаванні павышаным ціскам. І калі яны яго прайшлі, то ніколі на працягу зімы іх не праб'е. Гэта гарантыя на сто адсоткаў. Аварыі азначаюць, што такіх выпрабаванняў летась не было. Значыць, што пашпарты гатоўнасці аб'ектаў, якія складаюцца кожны год перад ацяпляльным сезонам, — гэта фікцыя". 

Па словах Рыгора Кастусёва, праблемы ў сферы ЖКГ не толькі праз стаўленне ўладаў, але і ў падборы кадраў.

"З кадрамі там ніхто не працуе. Вось колькі ёсць у краіне навучальных устаноў, якія рыхтуюць спецыялістаў для камунальнай гаспадаркі? Іх — адзінкі. Вось і прычына ўсіх гэтых праблем.

Памятаеце, як у Мінску быў прарыў вадаправода, а яны потым смярдзючую ваду загналі [ў канцы чэрвеня 2020 года Маскоўскі і Фрунзенскі раёны Мінска засталіся без пітной вады. — Еўрарадыё]? Я тады сказаў, што гэта толькі кветачкі. Ну а вось цяпер паціху-паціху гэтыя кветачкі пачынаюць выспяваць".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі