26 супрацоўнікаў БМЗ судзяць за жнівеньскі страйк
У Жлобіне пачаліся суды над удзельнікамі жнівеньскага страйку на Беларускім металургічным заводзе. 17 жніўня там была прыпыненая праца ўсіх трох печаў.
Перад гэтым працоўныя сустракаліся з кіраўніцтвам, і яно паабяцала, што за сход і акцыю пратэсту караць нікога не будуць. Аднак пазней Следчы камітэт пачаў крымінальную справу за "арганізацыю і правядзенне незаконных групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак і спалучаныя з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады" (артыкул 342 Крымінальнага кодэксу).
28 снежня пачаўся суд па гэтай справе над супрацоўнікамі БМЗ Ігарам Поваравым, Аляксандрам Бабровым і Яўгенам Говарам. Пратэстуючы супраць фальсіфікацыі выбараў і міліцэйскага тэрору, яны з іншымі работнікамі прадпрыемства перакрылі дарогу транспарту на заводзе.
Таксама сёння суд Жлобінскага раёна пачаў разгляд адміністрацыйных спраў супраць удзельнікаў сходу, які прайшоў на БМЗ 17 жніўня. Хаця паводле заканадаўства, тэрмін прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці — два месяцы.
Сябра незалежнага прафсаюза БМЗ Дзмітрый Елісееў у каментары Радыё "Свабода" расказаў, што спярша ўсе ўдзельнікі страйку ішлі па адміністрацыйнай справе. "Потым — як сведкі па крымінальнай. Потым на нас зноў пачалі адміністрацыйныя справы. Цяпер судзяць 26 чалавек па артыкуле 23.34 КаАП", — расказвае Елісееў.
Дарэчы, Елісееву сёння аштрафавалі за страйк на 405 рублёў (15 базавых велічыняў). Яшчэ два ўдзельнікі страйку атрымалі па пяць сутак арышту, кажа ён.
Таксама суды за жнівеньскі страйку пройдуць 29 і 30 снежня. Пераважная большасць — сябры незалежнага прафсаюза або людзі, якія падалі туды заявы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.