30 Seconds To Mars папрасілі рэкламаваць свой канцэрт у Мінску па-беларуску
Чарговы выступ амерыканцаў пройдзе ў беларускай сталіцы 4 красавіка 2015 года.
Гурт Джарэда і Шэнана Лета папрасіў арганізатараў канцэртаў анансаваць іх выступы на мове той краіны, дзе яны выступаюць. Адпаведна, праграма чарговага канцэрта амерыканцаў у Мінску, запланаванага на 4 красавіка, мае назву "Каханне+палкасць".
"Мы ўпершыню сутыкнуліся з такой просьбай, і нам спадабалася", — кажа Павел Багдановіч, дырэктар па маркетынгу агенцтва "КанцэртХолГруп".
30 Seconds To Mars вялікія аматары гастраляваць. Свой папярэдні альбом "This Is War" (2009) яны "каталі" 2 гады і за гэты час прэзентавалі 300 разоў, за што трапілі ў кнігу рэкордаў Гінеса. У падтрымку апошняй кружэлкі "Love, Lust, Faith + Dreams" (2013) музыкі адыгралі ўжо больш за 160 канцэртаў і пакуль не збіраюцца спыняцца.
Квіткі на канцэрт 30 Seconds To Mars паступяць у продаж 16 кастрычніка. Іх можна набыць на сайце kvitki.by і ў офісе арганізатара (Карла Маркса, 25-10). Стартавыя кошты будуць устаноўленыя на мінімальна магчымым узроўні.