3,4 мільярда за паўмесяца выдаткавалі чыноўнікі на службовыя аўто
І абвясцілі ўсяго тры тэндары на закупку аўтамабіляў хуткай дапамогі.
Чыноўнікі закупляюцца на 3,428 мільярда рублёў. Гэтыя грошы з мясцовых, рэспубліканскіх бюджэтаў пойдуць на закупку службовых аўтамабіляў.
Самы дарагі тэндар — у Жлобінскім райвыканкаме. Тут купляюць аўто за 350 мільёнаў рублёў. Гэта болей, чым дазволеныя прэзідэнтам 25 тысяч еўра на службовае аўто. У выканкаме цікаўлюся, які аўто будуць купляць старшыні.
“Мы хочам пазадарожнік, у нас старшыня ездзіць па калгасе, прабачце, па раёне. Хочам набыць Nissan”, — кажуць мне ў райвыканкаме і дадаюць, што купілі б і беларускае аўто, але беларускіх пазадарожнікаў не бывае. Напэўна, тут не ведаюць пра новыя “Джылі”.
“Беларускіх пазадарожнікаў не бывае, а пра тое, што трэба купляць толькі беларускія, я не чула. Нідзе не бачыла, каб было напісана чорным па белым, толькі рэкамендацыі былі на закупку беларускіх аўто. Да таго ж, калі падтрымліваць толькі айчыннае, дык трэба і расійскія набываць аўтамабілі. Мы ж ў Мытным саюзе”, — кажуць у Жлобінскім выканкаме. Тут распавядаюць, што да гэтай пакупкі ў старшыні быў “Мерсэдэс”. Але яго аддалі намесніку старшыні, а сам старшыня па справах ездзіць на мікрааўтобусе.
Галоўнае ўпраўленне Міністэрства фінансаў РБ хоча аўто з клімат-кантролем, варыябельным адкрыццём багажніка, мультыфункцыянальным камп’ютарам і дыскамі на нізкапрофільнай гуме. Ва ўпраўленні яшчэ не ведаюць, якой маркі будзе машына. Адно вядома, што нятанная — выдалі 345 мільёнаў рублёў. Па курсе Нацбанка на 15.09 гэта таксама болей чым 25 тысяч еўра. Ці Мінфін нешта ведае пра будучы курс?
Ляхавіцкі фінансавы аддзел атрымаў 225 мільёнаў на набыццё новай машыны. Будуць купляць Geely SC7 ці аналаг.
“Нам патрэбная машына. У нас “Жыгулі” да гэтага былі, але мы ўжо 10 гадоў на іх ездзім, там мяняць трэба ну проста ўсё!” — па голасе чую, што новую машыну ў Ляхавіцкім фінаддзеле чакаюць з нецярпеннем. Тут за апошні час набылі ўсяго тры машыны. Усе айчынныя, бо “трэба эканоміць”.
Падлічваю, што толькі за верасень (15 дзён) чыноўнікі абвясцілі тэндараў на набыццё 17 машын для сваіх патрэб. Прабачце, дзяржаўных патрэб. У той жа час на набыццё аўто хуткай дапамогі было пададзена ўсяго тры заяўкі. Дзве з іх — у Светлагорскую бальніцу. Пытаюся, колькі каштуе такая раскоша, як аўто хуткай дапамогі. Аказваецца, як адно аўто для Мінфіна.
“Вось мы сёння якраз падалі заяўку, 350 мільёнаў каштуе адна “хуткая”. Мільярд — гэта ўжо рэанімабіль!” — кажуць мне ў Светлагорскай бальніцы.
За 17 аўтамабіляў для чыноўнікаў (а гэта 3,428 мільярда рублёў) можна было б набыць 10 машын хуткай дапамогі ці тры рэанімабілі. Але ж патрэбы чыноўнікаў важнейшыя за людскія.