5'nizza прывезла ў Мінск лета і настальгію па мінулым (фота)
Знакаміты дуэт выступіў у сталічным Prime Hall у межах вялікага рэюніан-тура.
Лета ў Мінску распачынаецца вялікім рэюніян-канцэртам ўкраінскага гурта 5'nizza. Забіты пад завязку сталічны Prime Hall умяшчае далёка не ўсіх ахвочых: Палац Спорту, на які першапачаткова "ставілі" арганізатары, быў бы дарэчы! Цягам 40 хвілін зала перыядычна выбухае дружным "Пят-ні-ца! Пят-ні-ца!". І героі 2000-х, якіх у Мінску чакалі добрых гадоў восем, заводзяць залу з першага гуку!
Усё як раней. Вечна малады спяваючы Запарожац і загрыміраваны пад вясёлага блазна, з ружай на сэрцы, босы і з гітарай Бабкін, якога Андрэй ласкава называе "жанішком". Усё той жа драйв, сэнс і бясконцая энергетыка ў песнях, якія былі петыя-перапетыя ў пад'ездах, на лаўках, вечарынках, тысячу разоў прайграныя на рэпіце ў плэерах і магнітафонах. Такі канцэрт-настальжы, калі падпяваеш, танчыш, а перад вачыма праплываюць карцінкі з "мінулага жыцця".
Песня за песняй, хіт за хітом, у які ўплятаюцца і тры новыя трэкі, створаныя ўжо пасля ўз'яднання, і ад хлопцаў, падаецца, публіка чакае шчырасці і нейкага важнага слова. А хлопцы нібыта саромеюцца. Нібыта ў Мінску — гэта першы канцэрт у межах вялікага рэюніян-туру і такога мега-прыёму яны даўно не бачылі. Таму паўзы запаўняюцца сціплым "дзякуй" ад музыкаў і гучным "Пят-ні-ца".
Песні гурта ўсё такія ж экспрэсіўныя, вар'яцкія і пяшчотныя. Некаторыя з іх крыху змянілі вакальную лінію (натуральна, як жа без абнаўленняў), але гэта зусім нікога не бянтэжыць — сутнасць застаецца той жа.
І вось справа даходзіць да "Салдата". Зала некалькі сціхае. А Запарожац кажа: "Гэтая песня прысвячаецца ўсім саладатам. Ва ўсіх краінах". "Усім вам", — дадае Бабкін. Карацей, нічога не зразумела, але мы радасна падхопліваем хіт, які паступова выліваецца ў два выдатныя бісы. Як сапраўдныя артысты, якіх так доўга чакалі, Запарожац і Бабкін на іх не скупяцца і, падаецца, дораць Мінску ўсе свае песні, якія толькі можна.