ААН не мае прэтэнзій да Беларусі? Спецдакладчыца: генсакратар чытае мае даклады
Анаіс Марын расказала пра сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі
Спецдакладчыца ААН па Беларусі Анаіс Марын у эфіры Еўрарадыё абвергла словы кіраўніка МЗС Беларусі Максіма Рыжанкова пра тое, што ААН не мае прэтэнзій да афіцыйнага Мінска і мандата спецыяльнага дакладчыка па краіне не існуе.
— Мандат па Беларусі існуе ўжо 12 гадоў, хоць у Мінску ён і не прызнаецца. У ААН ён прымаецца пад увагу і лічыцца аўтарытэтным. Мы публікуем па два даклады аб сітуацыі з правамі чалавека кожны год, куды ўключаецца велізарны пералік усіх парушэнняў Беларусі.
Спадар Гутэрыш [генеральны сакратар ААН] чытае гэтыя даклады і лічыць, што ў ААН могуць быць прэтэнзіі да тых парушэнняў, якія фіксуюцца [у Беларусі].
Беларускія ўлады не пускаюць Анаіс Марын у краіну для ацэнкі сітуацыі.
— Мой аналіз грунтуецца на сведчаннях пацярпелых ад беларускіх уладаў — гэта адвакаты, журналісты, культурныя дзеячы. Акрамя гэтага, з намі працуюць многія праваабаронцы, якія таксама штогод публікуюць свае даклады. І на гэтай аснове ў нас ёсць аб'ектыўнае ўяўленне аб сітуацыі ў Беларусі.
У апошнім дакладзе, які ахоплівае перыяд з 1 красавіка 2023 па 31 сакавіка 2024 года, галоўнай падзеяй Анаіс Марын называе парламенцкія выбары.
— Тут, вядома, нічога новага не адбывалася: на выбары не былі дапушчаныя назіральнікі ад АБСЕ, не былі дапушчаныя апазіцыйныя кандыдаты. І ўсе высновы, якія я раней рабіла ў сваіх дакладах, пацвердзіліся — выбарчае заканадаўства ў гэтым плане зусім не змянілася.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.