Пра новую Канстытуцыю гавораць на кожным кроку, а яе тэкст не паказваюць. Чаму?
Праўладныя СМІ намагаюцца ў кожную інфармацыйную дзірку прасунуць тэму рэферэндуму па новай Канстытуцыі. Але ў публічнай прасторы беларусы дагэтуль так і не ўбачылі абноўлены змест галоўнага дакумента краіны.
Што перашкаджае ўладам узяць ды паказаць тэкст новай Канстытуцыі? Ці, можа, іх нешта непакоіць?
— Калі мы кажам пра ўнутрыпалітычную сітуацыю ў Беларусі, то Мінск непакоіць тое, што Масква можа паспрабаваць сваю гульню, — расказвае ў эфіры Еўрарадыё кіраўнік аналітычнага праекта Belarus Security Blog Андрэй Паротнікаў. — І наколькі я разумею сітуацыю, Лукашэнка хацеў бы дамовіцца з Пуціным аб тым, што Пуцін будзе знешнім гарантам функцыянавання новай рэдакцыі існуючага беларускага рэжыму пасля канстытуцыйнага рэферэндуму. Вось чаму да гэтага часу мы не бачым тэксту Канстытуцыі. Адначасова мы не чуем навінаў аб тым, што нейкая праца па ягонай дашліфоўцы працягваецца. Да тых часоў, пакуль Лукашэнка не сустрэнецца з Пуціным, хутчэй за ўсё, мы гэтага тэксту не пабачым.
Вось Пуцін і Лукашэнка сустрэліся — пра што, акрамя беларускай Канстытуцыі, яны будуць размаўляць? Можа, абмяркуюць замену экс-старшыні ЦВК Ярмошынай на экс-міністра Карпенку?
— Прозвішча чалавека на пасадзе Ярмошынай, у прынцыпе, ніякай ролі не адыгрывае, — лічыць Андрэй Паротнікаў. — Гэтыя людзі — тэхнічныя выканаўцы. Так, яны шмат чаго ведаюць і бачаць. Яны ўнутры сістэмы, але яны не прымаюць рашэнні. Яны абвесцяць той вынік, які ім скажуць. Прозвішча тут абсалютна ролі не іграе.
Я думаю, што перш за ўсё пытанне будзе нават не аб самой Канстытуцыі, а менавіта аб яе пераходных палажэннях. На маёй памяці за апошнія тры тыдні Лукашэнка пяць разоў звяртаўся да тэмы магчымых датэрміновых прэзідэнцкіх выбараў. Вельмі дзіўна. Хутчэй за ўсё, тэрміны выбараў новых органаў улады, каб прывесці ў адпаведнасць з патрабаваннямі новай Канстытуцыі, будуць прапісаныя ў пераходных палажэннях. І калі мы пабачым на грамадскім абмеркаванні тэкст без гэтых пераходных палажэнняў, то гэта, на маю думку, будзе стаадсоткава сведчыць аб датэрміновых прэзідэнцкіх выбарах, — упэўнены аналітык.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.