Абама забараніў гандаль з Крымам, ЗША пашырылі "чорны спіс"
Злучаныя Штаты ўвялі новыя санкцыі супраць пэўных асобаў і арганізацый, якія дзейнічаюць у Крыме.
Прэзідэнт ЗША Барак Абама ўвёў у дзеянне новыя абмежавальныя меры ў адносінах прыватных асобаў і арганізацый, якія дзейнічаюць у Крыме. Указ забараняе экспарт у рэгіён тавараў і тэхналогій, інвестыцыі, аказанне паслуг, а таксама імпарт прадуктаў з Крыма. Па словах Абамы, мэта гэтага кроку — ўнесці поўную яснасць для амерыканскіх кампаній аб становішчы спраў у адносінах Крыма, а таксама яшчэ раз заявіць пра поўнае непрызнанне расійскай анэксіі паўвострава.
"Я яшчэ раз заклікаю Расію завяршыць акупацыю і спробу анэксіі Крыма, спыніць падтрымку сепаратыстаў на ўсходзе Украіны, выканаць усе свае абавязацельствы ў рамках Мінскіх пагадненняў", — цытуе словы Барака Абамы ВВС.
Расійскія СМІ інфармуюць, што ЗША ўвялі "эканамічную блакаду Крыма". РІА "Новости" нагадвае, што з 20 снежня пачынаюць дзейнічаць санкцыі ЕС супраць эканомікі і турыстычнай галіны Крыма. Еўрасаюз пашырыў больш чым у шэсць разоў спіс тавараў і тэхналогій, якія забаронена пастаўляць на паўвостраў.
Мінфін ЗША агучыў "чорны спіс" з 24 асоб і кампаній, на якія распаўсюджваецца дзеянне санкцый. Гэта пераважна камандзіры баевікоў на Данбасе, іх ваенізаваныя ды палітычныя структуры, некалькі крымскіх дзеячоў, мотаклуб "Начныя ваўкі"
Кіраўнік МЗС Расіі Сяргей Лаўроў падчас тэлефоннай гутаркі з дзяржсакратаром ЗША Джонам Керы заявіў, што падпісаны амерыканскім прэзідэнтам закон "Аб падтрымцы свабоды Украіны" можа надоўга падарваць нармальнае ўзаемадзеянне Масквы і Вашынгтона.
Фота — AFP