Абедаем у гардэробе — настаўнікі зноў скардзяцца на праблему харчавання ў школах

Школьная сталоўка / sb.by
Школьная сталоўка / sb.by

Настаўнікі працягваюць скардзіцца журналістам на праблемы з харчаваннем у школах. Абедаць у школьных сталоўках разам са школьнікамі ім забаранілі і патлумачылі гэта тым, што "нельга карміць педагогаў у сталоўцы па тым жа кошце, што і дзяцей, бо вучні харчуюцца ў тым ліку за кошт субсідаваных сродкаў". З педагогам адной са школ рэгіёна пагутарыў рэсурс Tochka.by.

Паводле слоў настаўніцы, абедаць у школьнай сталоўцы ім забаранілі больш за год таму. Паабяцалі пералічыць кошт страў і зноў дазволіць абеды.  Але гэтага ўсё яшчэ не адбылося. Увесь гэты час настаўнікі перакусваюць у вольным кабінеце, дзе адміністрацыя дазволіла паставіць чайнік і мікрахвалёўку.

"Але гэта ўсё, вядома, вельмі нязручна. Па-першае, таму што мы на перапынках па-ранейшаму адказныя за дзяцей і мусім заставацца з імі. Так, калі раней мы маглі харчавацца ў школьных сталоўках, то падладжваліся пад абед класа. Вялі дзяцей у сталоўку, сядалі за суседні стол і елі. Адным вокам глядзелі ў талерку, а другім — на дзяцей", — тлумачыць настаўніца. А, па-другое, настаўнікаў шмат, у выніку некаторыя вымушаныя абедаць у навучальных класах або нават у гардэробе.

Раней Міністэрства адукацыі ўжо рэагавала на гэтыя скаргі, казала, што настаўнікі могуць атрымаць гарачае харчаванне ў школьных буфетах за грошы. Але паводле слоў суразмоўніцы Tochka.by, у яе рэгіёне ні ў адной школе буфета няма. "У нашай школе яго зачынілі некалькі гадоў таму — сказалі, што нерэнтабэльны", – патлумачыла настаўніца.

Гэтым разам у Міністэрстве адукацыі рэсурсу заявілі, што харчаванне педагогаў "арганізаванае на іх жаданне за плату праз буфеты ў сталоўках ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі, а таксама праз сталоўкі ўстаноў сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі". Акрамя таго, у Міністэрстве цяпер працуюць над тым, каб "дазволіць аднаразовае харчаванне работнікаў устаноў адукацыі ў сталоўках школ і дзіцячых садоў паводле натуральных нормаў, усталяваных для харчавання навучэнцаў".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі