"10 тысяч долараў за дзіця? Мо гэта быў экспромт?"
Пра праект падтрымкі жанчын за дзяцей не ведаюць ні ў прэс-службе прэзідэнта, ні ў Мінпрацы, а вось Мінфін абяцае даць выкладкі да канца месяца.
Падчас наведвання завода “БелАЗ” у Жодзіне кіраўнік дзяржавы кажа пра праект “Вялікая сям’я”. Маўляў, за народжаных дзяцей бацькам на адмысловы рахунак будуць налічваць грошы ў валюце!
“Мы зараз думаем, як падтрымаць жанчын. Сем’і як падтрымаць… Вось праект “Вялікая сям’я” мне прапанавалі. За першае дзіця — дзесяць тысяч долараў. Мы ў доларах адкрываем рахунак. За другога — дваццаць. За трэцяга — у два разы павялічваем. А калі яшчэ ты сам на гэты рахунак грошы кладзеш, то мы ў два разы больш даем”, — кажа Аляксандр Лукашэнка.
У Мінскім абласным фондзе сацабароны пра такі праект чулі… па тэлевізары.
“Чулі, учора і чуў. Але падрабязнасцяў не ведаю — мо гэта быў нейкі экспромт кіраўніка дзяржавы?” — пытаюцца ў Мінскім абласным фондзе сацабароны і раяць тэлефанаваць вышэй.
У фондзе сацабароны пры Мінпрацы пытанню Еўрарадыё пра падрабязнасці праекта чамусьці нервуюцца:
“Ну што, прэзідэнт да нас звяртаўся? Не! Не ведаем мы пра гэты праект нічога”, — і кідаюць слухаўку.
Няма інфармацыі ні ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы, ні ў Галоўным ідэалагічным упраўленні.
Але вось БелТА спасылаецца на намесніка старшыні пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па правах чалавека, нацыянальных адносінах і СМІ Тамару Красоўскую.
Паводле дэпутата, праект прадугледжвае адкрыццё рахунку, на які будуць налічвацца грошы за дзяцей. Хоць нехта ў краіне ведае пра “Вялікую сям’ю”!
Еўрарадыё датэлефанавалася да памочніцы Тамары Красоўскай.
"Ніякіх каментароў яна (Тамара Красоўская. — заўв. Еўрарадыё) даваць не будзе. Яна выказала сваё меркаванне, а яе не так зразумелі, і нешта канкрэтнае яна не можа канкрэтызаваць. Пакуль яна не можа даваць ніякіх каментароў па гэтым праекце, бо ён яшчэ не гатовы", — урэшце кажа памочніца Тамары Красоўскай.
І толькі ў Мінфіне Еўрарадыё пацвярджаюць: ведамства сапраўды займаецца механізмамі выплат бацькам. Аднак пра праект, згодна са словамі прэс-сакратара Мінфіна Ірыны Комар, казаць вельмі і вельмі рана. Больш канкрэтная інфармацыя з'явіцца ў канцы кастрычніка. “Дзякуй тым людзям, хто такія праекты прапаноўвае”, — кажа Еўрарадыё ">маці пяцярых дзетак Алена Віктараўна Светнік з Мінска.
Разам з жанчынай падлічваем, колькі грошай ідзе на выхаванне і ўтрыманне немаўля.
“Калі маці сама корміць, ёй трэба харчаванне добрае, а потым падгузнікі ідуць, усялякія гігіенічныя сродкі, сумесі, і гэта без каляскі — мільёны чатыры трэба”, — кажа Алена Віктараўна.
Згодна з дадзенымі Белстата, у студзені-жніўні года ў краiне нарадзілася болей за 78 тысяч дзетак.
Паводле самых сціплых прыкідак давядзецца знайсці 780 мільёнаў долараў.