Абмежаванні на палёты самалётаў у небе Беларусі могуць захавацца да 2029 года
Самалёт Ryanair у мінскім аэрапорце ў траўні 2021-года / delfi.lt
Абмежаванні на палёты грамадзянскай авіяцыі ў паветранай прасторы Беларусі захаваюцца да 2029 года, мяркуюць у Еўрапейскай арганізацыі па бяспецы паветранай навігацыі (EUROCONTROL). Вытрымкі з даклада EUROCONTROL прыводзіць рэсурс "Позірк".
Аўтары даклада адзначаюць, што галіна яшчэ не зусім акрыяла ад наступстваў пандэміі каронавіруса. Акрамя таго, на сітуацыю ўплываюць і рызыкі, звязаныя з ваеннай агрэсіяй Расіі супраць Украіны.
Нагадаем, заходнія авіякампаніі перасталі лятаць у Беларусь і выкарыстоўваць беларускую паветраную прастору пасля прымусовай пасадкі ў Мінску самалёта Ryanair. Тады ж для беларускіх самалётаў закрылася паветраная прастора еўрапейскіх краін.
Інцыдэнт адбыўся 23 траўня 2021 года. Самалёт Ryanair выконваў рэйс Афіны-Вільня. На яго борце знаходзіліся журналіст Раман Пратасевіч і яго спадарожніца Сафія Сапега. У Мінску пасля прымусовай пасадкі самалёта іх затрымалі. У траўні мінулага года Сапегу асудзілі ў Гродне на шэсць гадоў калоніі агульнага рэжыму. Яна прызнаная палітзняволенай.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.