Абрамава: Непрыязь Лукашэнкі да мінчукоў, магчыма, звязана з выбарамі
Кіраўнік Беларусі двойчы згадаў сталіцу Беларусі ў негатыўным святле. Еўрарадыё паслухала зварот разам з экс-дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Вольгай Абрамавай.
На яе думку, у сёлетнім пасланні кіраўніка Беларусі было шмат канфліктаў і супярэчнасцяў.
"Сам дыскурс прамовы дастаткова канфліктны. У праграмным выкладзе закладзены цэлы шэраг супярэчнасцяў, якія не стасуюцца адно з адным. Добрыя пажаданні і намеры часта тут жа абвяргаюцца нейкімі антытэзамі".
Канфліктнасць прамовы ляжыць на паверхні, кажа Вольга Абрамава.
"У самым пачатку гаворыцца пра асаблівы шлях Беларусі: рэспубліка знаходзіцца ў коле ворагаў, а калі не ворагаў, дык нядобразычліўцаў, якія спрабуюць прымусіць нас быць такімі, як усе. А мы, маўляў, гэтага вельмі моцна не хочам. І ў якасці прыкладу прыводзіцца патрабаванне раздзялення галінаў ўлады".
У гэтым маецца на ўвазе тое, што адна галіна ўлады заўсёды мусіць быць мацнейшай.
"Гэтыя нядобразычліўцы хацелі б, каб у авальным кабінеце праходзілі дракі і мардабой, і тады пераможцы ў бойцы не будзе. Таксама па змоўчванні маецца на ўвазе, што адна галіна ўлады насамрэч павінна быць мацнейшай. І толькі гэта можа быць асновай стабільнасці".
Далей, замест кепскай дэмакратыі па заходнім прыкладзе прапануецца "добрая".
"Далей становіцца зразумела, што за аснову бярэцца кітайская мадэль. Вельмі павольны пераход ад эканамічнай лібералізацыі, да будучай вельмі-вельмі далёкай палітычнай дэмакратызацыі. Але не цяпер, а так, каб гэта адбылося за межамі праўлення сённяшняй ўлады".
На думку Абрамавай, такая думка Лукашэнкам не прагаворваецца, але вельмі дакладна становіцца зразумелай з кантэксту. І нават пераход да расійскага варыянту кіраванай дэмакратыі да змяшанай сістэмы выбараў адкладаецца яшчэ на 5 год.
Таксама супярэчнасці праглядаюцца ў пачатку і ў канцы прамовы.
"Спачатку ідзе такое нагнятанне, што гэта ўсё кепска, мы гэтага не прымаем, што мы суверэнныя, адрозніваемся ад усіх кардынальна, увогуле самі сабе. А ў канцы гаворыцца, што мы еўрапейцы па вызначэнні, і знаходзімся ў цэнтры Еўропы геаграфічна. Вы нас толькі не падштурхоўвайце, і мы паступова-паступова без рэвалюцый калі-небудзь эвалюцыянуем і прыйдзем да традыцыйных еўрапейскіх каштоўнасцяў".
Таксама ўжо некалькі пасланняў запар прэзідэнт паўтарае такія словы, як “інавацыі”, “замежныя інвестыцыі”, “ініцыятыва”. Ён фактычна хоча, каб актывізаваліся кіраўнікі мясцовай улады, міністры, губернатары і, маўляў, з іх будзе галоўны попыт.
"Прэзідэнт дэлегуе адказнасць ад сябе, як кіраўніка выканаўчай улады у гіперпрэзідэнцкай рэспубліцы, як службовай асобы і галоўнага чыноўніка, які фарміруе палітычную, сацыяльную і эканамічную замову, вось гэтым выканаўцам сваёй волі, ён дэлегуе ім паўнамоцтвы. Я думаю, што не мела рацыі, калі меркавала публічна, што Мясніковіч патэнцыйны пераемнік. Не, я думаю, што гэта патэнцыйны адказны ў выпадку правалу эканамічнай палітыкі".
І гэтую адказнасць раздзеляць таксама мэры і губернатары, увесь урад і кіраўнікі прадпрыемстваў, мяркуе экс-дэпутат.
"Гаворыцца, я вам даў паўнамоцтвы - дзейнічайце. Але як яны будуць дзейнічаць, калі за ўсе гэтыя гады прайшла селекцыя ўпраўленчага апарата і ўвогуле ўсёй палітычнай эліты. Селекцыя па горшым прынцыпе: засталіся толькі лаяльныя, у аснову не лёг прынцып прафесіяналізму".
На думку Вольгі Абрамавай, ва ўрадзе няма людзей, здольных праводзіць самастойную лінію, за выключэннем намесніка міністра Румаса, які пакуль не апёкся на сваёй дзейнасці, некалькіх чалавек у Нацбанку і выхадцаў з яго.
Пазітыўнымі былі словы аб недатыкальнасці прыватнай уласнасці, але на думку Абрамавай, гэта не азначае рэальных зменаў. Таксама ўразіла спасылка на Экхарда.
Больш нічога асабліва новага ў пасланні, на думку Вольгі Абрамавай, не было. Някепскай лічыць яна ідэю стварэння ў Беларусі лагістычнага цэнтра, без якога не абысціся Еўропе.
А вось згадванне Мінска ў кепскім святле - не выпадковае, упэўненая Абрамава.
"Двойчы згадваецца, калі ў першым выпадку гэта магло быць выпадковым, то два разы - гэта ўжо кажа пра тэндэнцыю, асабістую непрыязнасць да Мінска, двойчы згаданага ў негатыўным ключы. Магчыма, гэта было звязана з ацэнкай паводзінаў мінчукоў на выбарах".