АБСЕ: Выбуховае прыстасаванне ў Харкаве актывізавалі дыстанцыйна
Такую ж самую бомбу ўзарвалі 19 студзеня ў мясцовым Маскоўскім райсудзе.
Выбуховае прыстасаванне, якое спрацавала ва ўкраінскім Харкаве, складалася з трацілу і шрапнелі, а таксама было актывізаванае дыстанцыйна. Пра гэта гаворыцца ў справаздачы прадстаўнікоў назіральнай місіі АБСЕ, якія наведалі месца здарэння.
Паводле звестак украінскай міліцыі, прылада была аналагічнай той, якую выкарысталі ў Маскоўскім райсудзе Харкава.
Назіральнікі АБСЕ адзначылі, што маніторылі Марш годнасці, у часе якога адбыўся выбух у Харкаве, і зафіксавалі, што інцыдэнт адбыўся ў “галаве” калоны.
У той самы час, паводле інфармацыі АБСЕ, выбух не выклікаў пашкоджанняў бліжэйшых будынкаў ці вокнаў у іх, паведамляе УНІАН.
У Харкаве сёння абвешчаны дзень жалобы ў сувязі з тэрактам, які напярэдадні забраў жыцці дваіх людзей і прывёў да раненняў яшчэ дзесяці чалавек. У горадзе на будынках будуць прыспушчаныя сцягі, адмененыя забаўляльныя мерапрыемствы. Апроч таго, у 13.00 адбудзецца агульнагарадская хвіліна маўчання.
Выбух побач з Палацам спорту ў Харкаве адбыўся днём 22 лютага. Каля сотні чалавек выйшлі на марш у Харкаве ў гадавіну Еўрамайдана. Актывісты планавалі прайсці Маршам годнасці ў напрамку плошчы Свабоды, але прайшлі літаральна 100 метраў, калі ўзарвалася бомба.
СБУ кваліфікавала выбух як тэракт і ўвяла ў Харкаве антытэрарыстычную аперацыю. Дарадца старшыні СБУ Маркіян Лубкіўскі паведаміў, што Служба бяспекі Украіны затрымала людзей, якія могуць быць датычныя да выбуху.
Фота: Facebook