Абсталяванне для Палаты прадстаўнікоў куплялі "праз адкаты"
У Мінску пачаўся суд над былым супрацоўнікам Галоўнага гаспадарчага ўпраўлення Кіраўніцтва справамі прэзідэнта Яўгенам Несцяровічам. Як піша TUT.by, яго вінавацяць у атрыманні хабару на суму 15,5 тысяч долараў.
Па версіі следства, чыноўнік заключаў дамовы на пастаўку тэхнікі з пэўнымі кампаніямі, якія пасля плацілі яму за гэта так званыя "адкаты". Абсталяванне прызначалася, у тым ліку, для авальнай залы Дома Урада, дзе засядае парламент.
Разам з Несцяровічам судзяць бізнэсоўца Сяргея Бурага, які даў хабар у 10 тысяч долараў. Абодва фігуранты цалкам прызнаюць віну. Па справе праходзяць сведкамі яшчэ два бізнэсоўцы, якія давалі хабар, яны вызваленыя ад крымінальнай адказнасці.
Несцяровіч амаль два з паловай гады працаваў у Галоўным гаспадарчым упраўленні Кіраўніцтва справамі прэзідэнта. Ён быў загадчыкам сектара, які займаўся матэрыяльным забеспячэннем органаў дзяржкіравання: там заключалі дамовы на закупку мэблі, тэхнікі ды інш. для Дома ўрада, Адміністрацыі прэзідэнта, Вярхоўнага Суда, Канстытуцыйнага суда ды іншых органаў улады.
У крымінальнай справе — шэсць эпізодаў атрымання хабару. Двойчы хабар быў атрыманы ад прадстаўніка кампаніі "Мабільны сэрвіс" Дзмітрыя Кіма (3 тысячы долараў), чатыры разы — ад прадстаўніка яшчэ адной кампаніі Панамарова (2,5 тысячы долараў). Таксама ад бізнэсоўца Сяргея Бурага Несцяровіч атрымаў 10 тысяч долараў.
Гаворка ідзе пра пастаўкі крыніц бесперабойнага харчавання, міжсеткавых экранаў, сістэм захоўвання даных, сервераў, сістэм адлюстравання відэа, сістэмных блокаў, манаблокаў ды інш. Сума кантрактаў — ад 27 тысяч да 379 тысячаў рублёў.
Крымінальная справа пачалася з заявы Кіма на імя старшыні КДБ. Ён распавёў, што даваў хабар не толькі Несцяровічу, але і супрацоўнікам мытні і Беларускай валютна-таварнай біржы: гэтыя эпізоды вылучаныя ў асобную справу.
Несцяровіча затрымалі ў студзені 2019 года. Ён адразу напісаў яўку з павіннай. Пры гэтым чыноўнік падкрэсліў, што сам грошы не вымагаў. "Грашовыя сродкі не вяртаў з увагі на цяжкое фінансавае становішча, у той жа час Кім не тлумачыў, за што перадаў грошы. Мяркую, гэтая сума была ў якасці навагодняга падарунка, гэтыя грашовыя сродкі мною былі выдаткаваныя на бытавыя патрэбы ў сувязі з нараджэннем дзіцяці. Гатовы кампенсаваць сродкі ў добраахвотным парадку на ўказаны рахунак КДБ. Раскайваюся, гатовы аказваць садзейнічанне ў выкрыцці супрацьпраўных дзеянняў іншых службовых асоб", — напісаў Несцяровіч.
Падчас папярэдняга расследавання чыноўнік паведаміў пра яшчэ некалькі фактаў атрымання хабару.
У матэрыялах справы няма згадак пра тое, што для закупкі абсталявання праводзіліся адкрытыя конкурсы: загадчык сектара адпраўляў запрашэнне канкрэтным фірмам, якія і пастаўлялі тэхніку.
Пасля затрымання Несцяровіч напісаў хадайніцтва аб заключэнні дасудовага пагаднення, абяцаючы распавесці не толькі пра свае злачынствы, але выкрыць і іншых удзельнікаў. Так на лаве падсудных апынуўся бізнэсовец Сяргей Буры.