Ачышчэнне ад нелаяльных? Хто з вядомых дэпутатаў "палаткі" не пойдзе на выбары

Хто не пойдзе на выбары?

Хто не пойдзе на выбары? / @rubanau_collage

16 студзеня пачынаецца рэгістрацыя кандыдатаў у дэпутаты Нацыянальнага сходу Беларусі. Раней Еўрарадыё пісала пра тое, хто з вядомых дзеячаў рэжыму Лукашэнкі збіраецца ўдзельнічаць у парламенцкіх выбарах.

А цяпер мы раскажам пра некаторых дзейных дэпутатаў, якія не захацелі (або ім не дазволілі) паўторна заняць дэпутацкае крэсла і чым яны запомніліся на сваёй пасадзе.
 

Марыя Васілевіч

Самая маладая асоба ў цяперашняй ніжняй палаце парламента, дэпутатка Марыя Васілевіч, мяркуючы па звестках аб ініцыятыўных групах па зборы подпісаў, не будзе балатавацца на другі тэрмін.

У 2019 годзе, ва ўзросце 22 гадоў, дзяўчына стала дэпутаткай пры дапамозе Лукашэнкі, нават нягледзячы на тое, што тагачасная кіраўніца ЦВК Лідзія Ярмошына крытыкавала Васілевіч і казала, што ёй няма з чым ісці да народа.

Замежныя СМІ пісалі, што Васілевіч атрымала гэтае месца на падставе інтымнай сувязі з Лукашэнкам. Але дзяўчына папракнула прэсу ў хлусні і заявіла, што журналісты павінны несці адказнасць за свае публікацыі.

Пасля пратэстаў 2020 года яна наведала ў бальніцы пратэстоўцаў, якія пацярпелі ад рук сілавікоў.
Я як прадстаўнік дзяржаўнай улады — хоць, можа, і не маючы на тое паўнамоцтваў — прыносіла прабачэнні людзям за нанесеныя ім траўмы.

У сваіх сацсетках падчас масавых акцый пратэсту прасіла бакі прымірыцца і спыніць гвалт.

Таксама заяўляла, што не выказвалася аб пазбаўленні грамадзянства беларусаў.

У Палаце прадстаўнікоў займаецца прасоўваннем закона аб адказным абыходжанні з жывёламі.
 

Уладзімір Андрэйчанка

Спікер ніжняй палаты парламента Уладзімір Андрэйчанка таксама вырашыў не балатавацца на свой ужо пяты тэрмін.
Зараз яму 75 гадоў. У палітыцы ён яшчэ з часоў СССР. З 1994-га па 2008-ы займаў пасаду старшыні Віцебскага аблвыканкама, быў членам Савета Рэспублікі. З 2008 года і па цяперашні час з'яўляецца старшынёй Палаты прадстаўнікоў.

Андрэйчанка адзін з тых, каму Лукашэнка па-сапраўднаму давярае. Яны знаёмыя яшчэ з часоў працы ў Вярхоўным Савеце Беларусі ў 90-гады.

Напрыклад, у чэрвені мінулага года ён лётаў замест Лукашэнкі ў Турцыю на інаўгурацыю Рэджэпа Таіпа Эрдагана. А ў снежні на сустрэчы ў Маскве ўдзельнічаў у абмеркаванні міжпарламенцкага супрацоўніцтва са спікерамі парламентаў непрызнаных Абхазіі і Паўднёвай Асеціі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі