Ад 23,5 да 96%: БТ запісвае ў “беларускі” кантэнт нават спартовыя трансляцыі

Ад 23,5 да 96%: БТ запісвае ў “беларускі” кантэнт нават спартовыя трансляцыі

Менш за палову эфіру галоўнага дзяржаўнага тэлеканала “Беларусь 1” складаюць праграмы ўласнай вытворчасці — 42,7%. Пра гэта Еўрарадыё расказала Святлана Смалоўская-Краскоўская, прэс-сакратарка Белтэлерадыёкампаніі, якой і належыць “першая кнопка” беларускага тэлебачання. 

А вось як сітуацыя з уласным кантэнтам выглядае на іншых каналах Белтэлерадыёкампаніі:

“Беларусь 2” — 22,7%       

“Беларусь 3” — 44%

“Беларусь 5” — 36%

“НТВ-Беларусь” — 16,2%

“Беларусь 24” — 91,8%

Святлана Смалоўская-Краскоўская ўдакладніла, што гаворка ідзе пра працэнт выключна прадукцыі Белтэлерадыёкампаніі, а не агулам беларускага кантэнту:

“Але на ўсіх нашых тэлеканалах прадстаўлены і іншы нацыянальны кантэнт вытворчасці іншых беларускіх тэлекампаній. Альбо як, напрыклад, “Беларусь 3”: канал таксама паказвае фільмы “Беларусьфільма” і праграмы вытворчасці іншых юрыдычных асоб з Беларусі”.

Калі браць агульны нацыянальны кантэнт, то яго працэнт у эфірах выглядае наступным чынам:

“Беларусь 1” — 42,7% (нічога не змянілася)

“Беларусь 2” — 23,5% (змена — менш на 1 працэнтны пункт)

“Беларусь 3” — 53%

“Беларусь 5” — 96% (!) 

“НТВ-Беларусь” — 17%

“Беларусь 24” — 94,4%

Прынцыповыя адрозненні ў лічбах толькі ў “Беларусь 3” у 9 працэнтных пунктаў (дзякуй “Беларусьфільму”) і ў спартовага канала “Беларусь 5” — ажно 60 працэнтных пунктаў! Відаць, на замежныя трансляцыі спартовых спаборніцтваў з беларускімі каментатарамі аўтаматычна ставіцца ярлык “Зроблена ў Беларусі”.   

11 лютага Аляксандр Лукашэнка правёў нараду з кіраўнікамі дзяржаўных СМІ. Кіраўнік папракнуў айчынных тэлевізійнікаў: загадаў працаваць над якасцю і колькасцю беларускага тэлепрадукту.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі