Ад пачатку года 63 польскія вайскоўцы атрымалі раненні на мяжы з Беларуссю

Польска-беларуская мяжа

Польска-беларуская мяжа / Agnieszka Sadowska / Agencja Wyborcza.pl

Ад пачатку бягучага года пры затрыманні незадакументаваных мігрантаў 63 польскія вайскоўцы атрымалі раненні на мяжы з Беларуссю, піша Gazeta Wyborcza са спасылкай на намесніка міністра нацыянальнай абароны Польшчы Паўла Бэйду.

З 1 жніўня ў раёне польска-беларускага памежжа Польша праводзіць аперацыю "Бяспечнае Падляшша", у якой бяруць удзел 6 тысяч вайскоўцаў. З іх пяць тысяч дапамагаюць памежнікам абараняць мяжу ад мігрантаў, яшчэ 800 знаходзяцца ў рэзерве. Па словах Бэйды, калі сітуацыя пагоршыцца, сюды будзе адпраўлена да 17 тысяч вайскоўцаў. "Гэта будуць сілы хуткага памежнага рэагавання", — патлумачыў чыноўнік. 

Аперацыя "Бяспечнае Падляшша" пратрывае да 2028 года — да моманту, пакуль не пачне сваю працу Кампанет памежнай аховы — адзінка Войскаў тэрытарыяльнай абароны, якая будзе спецыялізавацца менавіта на абароне ўсходняй мяжы.

Паводле Мінабароны Польшчы, у апошнія тры тыдні назіраецца зніжэнне спробаў прарыву незадакументаваных мігрантаў праз мяжу з боку Беларусі. Фіксуецца прыкладна 60 спробаў у суткі, але не факт, кажуць у ведамстве, што іх колькасць неўзабаве не павялічыцца.

З 1 студзеня да 15 кастрычніка бягучага года незаконна перайсці беларуска-польскую мяжу спрабавалі каля 28 тысяч разоў. Сярод мігрантаў цяпер пераважаюць грамадзяне Афганістана, Сірыі і Ірана.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі