Адна галава засталася: літоўскія ваўкі трымаюць у страху вёскі пад Паставамі

Адна галава засталася: літоўскія ваўкі трымаюць у страху вёскі пад Паставамі

Зграя ваўкоў запужала жыхароў Пастаўскага раёна. Начамі галодныя драпежнікі прыходзяць у вёскі і нападаюць на сабак. Людзі баяцца выходзіць на двор, пакуль не развіднее.

Адна галава засталася

“Тры сабакі разарвалі ўжо, — расказвае Еўрарадыё жыхарка вёскі Палессе. — Вёску з двух бакоў лес акружае. Раней ваўкі маглі прабегчы, але іх забівалі. Нават плацілі за ваўкоў раней. А цяпер кажуць, што не чапаюць іх, дык вось і ходзяць”.

Вяскоўцы непакояцца, што пасля сабак ваўкі пачнуць нападаць на людзей. Таму лішні раз стараюцца не выходзіць з хат. 

Жыхары суседняй вёскі Шудаўцы, якая знаходзіцца недалёка ад літоўскай мяжы, таксама баяцца ваўкоў. Увосень драпежнікі з’елі авечку.

Адна галава засталася: літоўскія ваўкі трымаюць у страху вёскі пад Паставамі
vkarpinsk.info

“Каля чыгункі ў кустах людзі бачылі ваўкоў, — расказвае жыхарка Шудаўцоў. — Нядаўна сабаку з’елі. Адна галава засталася, а на другую ноч і галава знікла. Восенню ў суседа авечка была навязная. Знікла — так і не знайшлі. У нас ёсць паляўнічыя, страляюць іх. Але ўсё роўна прыходзяць ваўкі”.

Пляшывыя ваўкі — саслабелыя

У Лынтупскім сельсавеце Пастаўскага раёна пра тое, што ваўкі прыходзяць у вёскі, ведаюць. Чыноўнікі расказалі Еўрарадыё, што раней за шкуру ваўка паляўнічыя атрымлівалі грошы. А цяпер — не.

Драпежнікі ідуць да людзей, каб пракарміцца.

“На ваўкоў ідзе паляванне. Але зразумейце, што яны прышлыя: пераходзяць праз мяжу [з Літвой] і ідуць на нас. Снегу няма, капытныя бягуць ад іх, таму ў вёскі і ідуць, — сказаў старшыня Лынтупскага сельсавета Аляксандр Макаранка. — Мы ўжо напісалі ліст у Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў — будуць рабіць аблавы. Але за шкуру ваўкоў ніхто не плаціць цяпер ні ў Літве, ні тут. Вось у адным месцы сям’я ваўчыная і сабралася”.

Чаму ваўкі не баяцца ісці ў вёскі? У Беларускім таварыстве паляўнічых і рыбаловаў Пастаўскага раёна Еўрарадыё расказалі, што да людзей ідуць слабыя драпежнікі, якія не могуць паляваць:

“Самі бачыце, якая зіма. Сёлета вельмі многа саслабелых пляшывых ваўкоў. Дзікую жывёлу такім цяжка ўзяць, ім прасцей прыйсці ў вёску і з’есці сабаку. Калі многа снегу, дык жывёлу прасцей дагнаць. А па звычайнай зямлі [яна] хутка можа ўцячы”.  

Адна галава засталася: літоўскія ваўкі трымаюць у страху вёскі пад Паставамі

У таварыстве дадаюць, што паляванне на ваўкоў ідзе пастаянна: толькі іх паляўнічыя за год здабылі 18 экзэмпляраў. І абяцаюць, што ў хуткім часе пачнуць адстрэл ваўкоў, якія запужалі памежныя вёскі.

Калі не паляўнічыя, дык шаленства

Паляўнічы з 20-гадовым стажам Сяргей Х. расказвае Еўрарадыё, што паляванне стала для звычайнага беларуса нятанным задавальненнем. Таму сёння шмат хто адмаўляецца браць у рукі зброю. 

“Простых мясцовых паляўнічых стала вельмі мала. Кожны год мала хто займаецца паляваннем. У асноўным — егеры і набліжаныя да іх, — кажа Сяргей. — Раней за ваўка плацілі 100 рублёў незалежна ад таго, дзе і калі ты яго здабыў. Цяпер грошай не плацяць, а выдаткі вялікія: дазволы, паперы і іншае. Столькі інспекцый трэба абысці. Цяпер такія законы, што воўк прыйдзе ў двор і будзе жонку грызці, а я не змагу яго застрэліць”.

Паляўнічы дадае, што, калі мэтанакіравана не адстрэльваць ваўкоў, іх можа спыніць толькі шаленства. Але шалёныя ваўкі ўвогуле нічога не баяцца — яны будуць прыходзіць у вёскі і грызці ўжо не сабак, а людзей.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі