Аднаго з найбагацейшых бізнесоўцаў Гомельшчыны затрымалі за антываенныя допісы

Пятро Старацітараў / vc.com 
Пятро Старацітараў / vc.com 

Сілавікі затрымалі за антываенныя допісы Пятра Старацітарава — аднаго з найбагацейшых прадпрымальнікаў Гомельшчыны, піша "Наша Ніва". Яму 65 гадоў, ён жыве ў Мазыры.

У савецкі час Старацітараў вучыўся ва ўкраінскім Крывым Рогу, працаваў у "Мазырпрамбудзе", у 1992 годзе разам з сябрамі стварыў кампанію "Лотас", дзе дагэтуль з'яўляецца саўладальнікам.

Кампанія пачала з вытворчасці мэблі, а цяпер займаецца жалезабетоннымі канструкцыямі, бетоннымі блокамі, вокнамі і дзвярыма, а таксама мае ўласны кар'ер каля Мазыра і ажыццяўляе перавозкі па Беларусі і замежжы.

"Лотас" мае два замежныя філіялы — у Навазыбкаве і каля Масквы.

Старацітараў атрымліваў граматы-падзякі ад выканкама, уваходзіў у топы бізнесоўцаў Гомельшчыны, меў падзякі ад Праваслаўнай царквы. Праўда, у 2016-м яго затрымлівалі за "незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць", але ўсё скончылася добра.

Цяпер яго затрымалі за антываенныя допісы ў Фэйсбуку, якія нібыта "абражалі Лукашэнку". Па словах сілавікоў, Старацітараву пагражае крымінальная справа за "распальванне варожасці" — гэта значыць, да 5 гадоў турмы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі