Аднавілі справу ў дачыненні да мужчыны, які збіў гея, у выніку чаго той памёр
Адноўленая крымінальная справа па факце збіцця Міхаіла Пішчэўскага. Як піша ў Facebook афіцыйная прадстаўніца Следчага камітэта Юлія Ганчарова, справу аднавілі, паколькі Пішчэўскі памёр, да таго ж адкрыліся новыя абставіны. Следства прызначыла і атрымала вынікі пасмяротнай судова-медыцынскай экспертызы. Яна засведчыла, што прычынай смерці сталі цялесныя пашкоджанні.
Упраўленне Следчага камітэту Цэнтральнага раёна сталіцы распачала крымінальную справу ў адносінах Дзмітрыя Лукашэвіча. Артыкул — "прычыненне смерці па неасцярожнасці" (ч. 1 арт. 144 і ч. 1 арт. 339 КК). Справу перадалі пракурору, які яе, як чакаецца, адправіць у суд. Лукашэвіч знаходзіцца пад падпіскай пра нявыезд.
Дзмітрый Лукашэвіч ударыў 31-гадовага Міхаіла Пішчэўскага падчас спрэчкі, што завязалася паміж імі ўначы 25 траўня 2014 года каля клуба ў Мінску. У выніку Пішчэўскі атрымаў цяжкую чэрапна-мазгавую траўму, яму выдалілі каля 20% галаўнога мозгу. Ад таго часу ён быў прыкаваны да ложку, а ў кастрычніку мінулага года памёр. На судзе было засведчана, што прычынай спрэчкі стала абраза Пішчэўскага паводле яго нетрадыцыйнай сэксуальнай арыентацыі — ён з'яўляўся геем.
Суд прызнаў Лукашэвіча вінаватым у нанясенні траўмы і прысудзіў да 2 гадоў і 8 месяцаў зняволення. 20 жніўня 2015-га ён выйшаў з калоніі па амністыі. За кратамі ён адбыў 11 месяцаў.