Адно аднаму не ваўкі: як людзі дапамагаюць іншым падчас пандэміі
Актывісты кампаніі "ByCovid-19 — дапамога лекарам Беларусі" ў будынку галерэі "Ў", якая часова перадала сваё памяшканне пад склад / сацыяльныя сеткі
У самыя складаныя часы нам асабліва патрэбны прыклады, якія падбадзёрылі б нас і нагадалі, што салідарнасць і спачуванне — важныя каштоўнасці, якія падзяляюць многія людзі. Расказваем чатыры гісторыі пра тое, як пандэмія згуртавала людзей.
Расія. Не замерзнуць у абдымках Левіяфана
Сяло Цярыберка стала знакамітае на ўвесь свет пасля таго, як расійскі рэжысёр Андрэй Звягінцаў зняў там фільм "Левіяфан". Фільм, які атрымаў міжнародныя ўзнагароды, праславіў пасёлак, і туды, за сто дваццаць кіламетраў ад Мурманска, пачалі прыязджаць турысты. Раз на год дарогу на Цярыберку заносіць, сяло становіцца адрэзаным ад цывілізацыі. Шматгадовыя спробы жыхароў вырашыць гэтую праблему ні да чога не прывялі, расказвае "Новая газета".
І вось 28 сакавіка, калі дарогу зноў занесла, улады Мурманскай вобласці абвясцілі каранцін. У сяле затрымаліся сто пяцьдзясят турыстаў. Адзіная гасцініца ў сяле праз каранцін таксама закрылася, і людзі апынуліся на марозе без даху над галавой. Першы час жылі ва ўласных машынах і грэліся генератарамі, але потым бензін скончыўся, а бензакалонкі ў сяле няма. Тады жыхары Цярыберкі пачалі разбіраць турыстаў па дамах. "Ёсць свабоднае жыллё, грошай не вазьму", "Ёсць аднапакаёвая кватэра для тых, хто мае патрэбу", "Магу даць прытулак дваім", "Хто апынуўся ў цяжкай сітуацыі, запрашаем сёння на вячэру ў наш дом", — напоўніліся аб'явамі цярыберскія суполкі ў сацсетках. І так Цярыберка — кінематаграфічны сімвал абыякавасці — усім мірам выратавала турыстаў, якія замярзалі, паказала, што людзі адно аднаму не сволачы і здольныя на спачуванне, дапамогу і салідарнасць.
Беларусь. Дактары — у цэнтры ўвагі
Калі афіцыйная прапаганда рапартавала, як добра бальніцы Беларусі гатовыя да эпідэміі, беларускім актывістам і проста вядомым людзям пачалі прыходзіць паведамленні ад дактароў з апісаннем таго, як рэальна ідуць справы ў бальніцах у розных частках краіны. Высветлілася, што ў дактароў праблемы са сродкамі аховы і медыцынскай тэхнікай. Тады праваабаронца і сябра рады Незалежнага прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці Андрэй Стрыжак, блогер, гарадскі актывіст і кіраўнік праекта #Мотолькопомоги Антон Матолька і фітнес-трэнер, аўтар вядомага інстаграм-акаўнта Андрэй Ткачоў аб'ядналіся і пачалі кампанію "ByCovid-19 — дапамога лекарам у Беларусі", расказвае Еўрарадыё.
Яны збіраюць грошы, закупляюць сродкі аховы і абсталяванне для дактароў і развозяць дапамогу па бальніцах усёй краіны. Самая вядомая галерэя Мінска — " Ў " — дала ініцыятыве сваё памяшканне пад склад. За некалькі тыдняў кампанія сабрала 157 129 беларускіх рублёў (каля 63 тысяч долараў). "У грамадстве ёсць запыт на магчымасць дапамагчы", — адзначаюць актывісты. Ахвяруюць і небагатыя грамадзяне, і бізнесмены — забяспечваюць дактароў рэспіратарамі, спецадзеннем, пральнымі машынамі і нават гарбатай, кавай і булачкамі. Ні разу актывісты не чулі адмовы. Дакладней, чулі, але ад дактароў. Пасля апошняй антыкарупцыйнай кампаніі дактары ў Беларусі напалоханыя, што любы падарунак можа быць расцэнены праваахоўнымі органамі як хабар. "Я прыехаў у бальніцу з кавай і гарбатай, — расказвае Антон Матолька, — а на мяне там падазрона паглядзелі — навошта гэта? Я тады сказаў: "Давайце зробім выгляд, што я проста забыўся гэты пакет на ганку, а што з ім рабіць — вырашайце самі". На наступны дзень дактары той бальніцы знайшлі старонку Матолькі ў сацсетках і падзякавалі яму за ўвагу, якая ў такія дні асабліва дарагая для іх.
Малдова. Рукі, ногі і грошы для пенсіянераў
Эпідэмія ў першую чаргу ўдарыла па самых старых і самых бедных. І не заўсёды праблемы гэтых людзей можна вырашыць толькі грашыма, бо часцяком патрэбна проста фізічная сіла, каб дапамагчы пажылому чалавеку зрабіць неабходныя пакупкі і данесці іх дадому. У Кішынёве для пажылых людзей працавала сацыяльная сталовая, якая з надыходам каранціну закрылася. У сацыяльнага ўпраўлення мэрыі Кішынёва больш за 100 тыс. падапечных. Для таго каб неяк падтрымаць людзей, муніцыпалітэт пачаў закупляць і фармаваць прадуктовыя наборы з самых базавых прадуктаў, якіх пажылому чалавеку павінна хапіць на месяц. Аднак супрацоўнікі мэрыі сутыкнуліся з іншай праблемай — хто будзе развозіць прадукты старым? Адгукнуліся валанцёры. Выданне Newsmaker расказала, як людзі збіраюцца ля будынка сацыяльнай сталовай, бяруць пакеты з прадуктамі і дастаўляюць іх старым. У гэтай рабоце ім дапамагаюць таксісты.
У працэсе высветлілася, што прадуктаў на ўсіх не хапае, і тады валанцёры пачалі самі збіраць сродкі, каб забяспечыць пенсіянераў ежай. Валанцёры таксама арганізавалі дзве гарачыя лініі: па адной людзі могуць папрасіць пра сацыяльную дапамогу, па другой — пракансультавацца па пытаннях здароўя.
Чэхія. Самагоншчыкі супраць бюракратыі
Калі ў Чэхіі быў абвешчаны каранцін, дактары і грамадзяне краіны сутыкнуліся з недахопам санітайзераў, для вытворчасці якіх неабходны спірт. У Чэхіі дазволена самагонаварэнне і існуюць невялікія заводзікі па перапрацоўцы брагі — прыватныя прадпрыемствы. Для таго каб забяспечыць патрэбы свайго гарадка, які знаходзіцца ў Маравіі — адной з чэшскіх правінцый, — уладальнік папулярнага заводзіка па вытворчасці спіртнога Марцін Жуфанэк пачаў вытворчасць санітайзераў. Санітайзеры ён аддаваў і гораду, і гарадскому дому састарэлых бясплатна. Пра гэта напісалі журналісты, а тэкст прачыталі ў падатковай службе і мытні (у Чэхіі мытня займаецца наглядам за вытворчасцю спірту). І сталі змушаць Жуфанка неадкладна спыніць вытворчасць, таму што яе нельга аформіць юрыдычна: па правілах санітайзеры нельга вырабляць з пітнога спірту, а акрамя таго, незразумела, як адміністраваць гэтую дзейнасць з пункту гледжання падаткаабкладання.
Марцін Жуфанэк напісаў сумны допіс пра гэта ў "Фэйсбуку", і чэшскі інтэрнэт выбухнуў — тысячы людзей пісалі гнеўныя твіты і допісы з тэгамі на міністраў чэшскага ўрада з патрабаваннем скасаваць дурныя правілы хоць бы на час эпідэміі. Грамадскі ціск спрацаваў: міністр фінансаў Алена Шылерава запатрабавала ад начальніка мытнай службы вырашыць праблему. Спосаб прыдумалі, але толькі цяпер ужо міністры не маглі дазваніцца да вытворцы спірту, каб паведаміць яму, што праблема вырашана. І тады міністр фінансаў асабіста прыйшла ў каментары да Марціна Жуфанка і напісала: "Калі ласка, падніміце трубку, вам цяпер тэлефануе начальнік мытні". Скрыншот з гэтым каментаром грамадзяне Чэхіі посцілі як знак перамогі здаровага сэнсу над бюракратыяй. А вытворчасць санітайзераў у маленькім чэшскім мястэчку аднавілася.
Жэня Снежкіна, Медиасеть
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.