Адразу 6 давераных асоб кандыдатаў у дэпутаты пазбавіліся рэгістрацыі
Уся яны з'яўляюцца сябрамі Партыі БНФ у Брэсце.
Рашэнне было агучана 19 сакавіка на паседжанні гарадской выбарчай камісіі. Са словаў незалежнага назіральніка Уладзіміра Вялічкіна, які прысутнічаў падчас абвяшчэння рашэння, сябры камісіі сапраўды мелі падставы забраць адпаведныя пасведчанні.
Вялічкін: "Іх пазбавілі рэгістрацыі даверанымі асобамі за тое, што яны парушылі частку 4-ю артыкула 76 Выбарчага кодэксу. Там сказана, што даверанымі асобамі кандыдата ў дэпутата не могуць быць кандыдаты ў дэпутаты".
Старшыня Брэсцкай абласной філіі Партыі БНФ Дзмітрый Шыманскі ў каментары Еўрарадыё назваў сітуацыю тэхнічнай памылкай. Дзейсны кандыдат у дэпутаты паведаміў, што партыйцы проста не ведалі такіх працэсуальных акалічнасцяў, як забарона кандыдатам быць даверанымі асобамі ў сваіх паплечнікаў.
Аднак брэсцкі палітык мяркуе, што такім чынам выбарчая камісія вырашыла адпомсціць за скаргу Партыі БНФ. На выбары ў гарадскі савет партыйцы вылучылі сем прадстаўнікоў. Аднак у афіцыйных звестках з'явілася інфармацыя толькі пра шэсць зарэгістраваных кандыдатаў. Гэта памылка і стала нагодай для скаргі ў вышэйшыя інстанцыі.
Фота — gorod.gomel.by