Адразу дзве кампаніі з Беларусі ўвайшлі ў топ-3 IT-бізнесаў Літвы
Пасля пачатку вайны Wargaming заявіў пра планы закрыць студыю ў Мінску, а ЕРАМ — зменшыць вытворчы штат / Ілюстрацыйнае фота pixabay.com
Адразу дзве кампаніі з беларускімі каранямі ўвайшлі ў топ-3 IT-бізнесаў Літвы паводле выплачаных за 9 месяцаў падаткаў. Гэта Epam sistemos і Wargaming Vilnius. Больш падаткаў за гэты перыяд у літоўскі бюджэт пералічыў толькі дата-цэнтр амерыканскай карпарацыі Western Union — Western Union Processing Lithuania, піша Office Life.
Паводле абаротаў і падатковых плацяжоў літоўскія дочкі EPAM Systems і Wargaming апярэдзілі IBM Lietuva і першы літоўскі стартап-аднарог Vinted.
Акрамя таго, Epam і Wargaming Vilnius упершыню сёлета былі ўключаныя і ў топ-500 найважнейшых падаткаплацельшчыкаў краіны. І паводле вынікаў дзевяці месяцаў здолелі падняцца ў першую частку спісу: Epam sistemos з сумай выплат €6,1 млн заняла 177-ю пазіцыю, Wargaming Vilnius c €5,2 млн — 206-ю.
Нагадаем, пасля пачатку вайны Wargaming заявіў пра планы закрыць студыю ў Мінску і сысці з Беларусі і Расіі. А кіраўнік ЕРАМ Аркадзь Добкін абвясціў, што яго кампанія збіраецца зменшыць вытворчы штат у рэгіёне Беларусь-Украіна-Расія да 30% ад колькасці ўсіх спецыялістаў. У канцы 2021 года гэтая доля складала 60%.
У красавіку ад'езд айцішнікаў заўважыў нават Аляксандр Лукашэнка. Гэтая тэма падымалася ў яго на нарадзе. Ён тады прапанаваў паглядзець "з гледзішча бяспекі, наколькі гэта небяспечна для Беларусі".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.