Адзін дзень з кампаніі кандыдатаў у прэзідэнты Польшчы (фота)

Карэспандэнт Еўрарадыё пабываў на сустрэчах трох з чатырох асноўных польскіх кандыдатаў.
Перадвыбарчая гонка ў Польшчы падыходзіць да завяршэння – застаецца фактычна адзін дзень да перадвыбарчай цішыні ў суботу. Кандыдаты стараюцца выкарыстоўваць апошнія дні напоўніцу. Карэспандэнт Еўрарадыё пабываў на сустрэчах Яраслава Качыньскага, Гжэгажа Наперальскага і Вальдэмара Паўляка.

Яраслаў Качыньскі, брат-блізнюк загінулага ў авіякатастрофе Леха Качыньскага, 15 чэрвеня правёў чарговую сустрэчу з выбаршчыкамі ў інфармацыйным цэнтры партыі "Права і справядлівасць". Ён расказваў пра рэгіянальнае развіццё Польшчы, але не мог не закрануць і важных момантаў перадвыбарчай кампаніі. Так, ён выказаў незадаволенасць судовым іскам Камароўскага супраць яго.

Яраслаў Качыньскі: "Судовыя скаргі ў часе выбарчай кампаніі павінна падавацца толькі ў крайніх выпадках".

Справа ў тым, што Браніслаў Камароўскі, які цяпер выконвае абавязкі прэзідэнта Польшчы, падаў скаргу на словы свайго апанента. Качыньскі неяк заявіў, быццам Камароўскі выступае за прыватызацыю сферы аховы здароўя, што не адпавядала праўдзе. Варшаўскі суд заняў бок Камароўскага.

Суддзя варшаўскага суда: "Яраславу Качыньскаму зрабіць абвяржэнне сваіх слоў на працягу 48 гадзін ад гэтай пастановы на Першым канале польскага тэлебачання і канале TVN паміж 19-ай і 21-ай гадзінамі. Платнае паведамленне-абвяржэнне мусіць быць прачытана на ўвесь экран проста і выразна: “Я, Яраслаў Качыньскі, кандыдат у прэзідэнты Польшчы, на сустрэчы з выбаршчыкамі ў Любліне 9 чэрвеня распаўсюдзіў інфармацыю, што Браніслаў Камароўскі плануе правесці прыватызацыю сістэмы аховы здароўя, што не адпавядае праўдзе. Бо ў сапраўднасці праграма Камароўскага гэта не прадугледжвае".



Штаб Яраслава Качыньскага штодня арагнізуе сустрэчы з выбарцамі на розныя тэмы: культура, адукацыя і навука, развіццё сяла і інш.



Яраслаў Качыньскі выглядаў вельмі спакойна і раўнаважана

У выніку, замест планаванай паездкі на гістарычную радзіму сваіх продкаў у Ломжу Качыньскаму давялося, па яго словах, "цягацца па судовых калідорах". 

Увогуле, паездкі па рэгіёнах – надзвычай важная частка кампаніі. Рэгіёны ў Польшчы моцна развітыя і адной Варшавай кампанія ніяк не абыдзецца. І Браніслаў Камароўскі, які на мінулым тыдні быў не вельмі актыўны ў паездках, на гэтым тыдні праехаў тысячы кіламетраў па ўсёй Польшчы.

15 чэрвеня акурат з рэгіёнаў прыехаў Гжэгаж Наперальскі ў штаб сваёй партыі, каб сустрэцца з вядомымі польскімі блогерамі. 



Польскія блогерамі задавалі Наперальскаму накручастыя пытанні



Гжэгаж Наперальскі, бадай, лепш за іншых кандыдатаў папрацаваў над мімікай і жэстамі. Яго выступ на тэледэбатах у мінулую нядзелю некаторыя нават назвалі найграным.

Трэці па папулярнасці кандыдат робіць вялікі акцэнт на інтэрнэт-тэхналогіі, каб прывабіць моладзь на свой бок. 

Як і Вальдэмар Паўляк, з якім Еўрарадыё сустрэлася ў польскім парламенце.

Вальдэмар Паўляк у часе ранейшага выступу: "Доступ да інтэрнэту мусіць быць бясплатным. Інтэрнэт-кантэнт – гэта важны абшар для бізнесу. Мне здаецца, ключавы момант у гэтым – пераканаць прадпрымальнікаў падаваць інтэрнэт задарма альбо за вельмі малыя грошы. І гэта вельмі паспрыяе развіццю сучасных тэхналогій".



Старшыня партыі "Польскае народнае згуртаванне" рэдка ўсміхаецца

Хаця партыя Вальдэмар Паўляк збольшага прадстаўляе інтарэсы аграрыяў, інтэрнэт – адзін з прыярытэтаў яго праграмы. Праўда, ніякіх дадатковых сустрэч па-за Сеймам і паездак у рэгіён спадар Паўляк у той дзень не правёў. Інтэрнэт-сайт "Кампанія ўжывую" назваў такія паводзіны "самазабойчай стратэгіяй". Зрэшты, трэба ўлічваць, што Вальдэмар Паўляк з'яўляецца міністрам гаспадаркі і мусіць праводзіць працоўныя сустрэчы.

Даведка Еўрарадыё

Папулярнасць кандыдатаў на 17 чэрвеня паводле PBS:

Браніслаў Камароўскі – 48%
Яраслаў Качыньскі – 34%
Гжэгаж Наперальскі – 9%
Вальдэмар Паўляк – 2%

Усіх кандыдатаў у прэзідэнты Польшчы – 10.
Калі Браніслаў Камароўскі не здолее набраць больш за 50% галасоў у першым туры 20 чэрвеня, то 4 ліпеня адбудзецца другі тур. У ім, паводле апытанняў, мусяць сустрэцца Браніслаў Камароўскі і Яраслаў Качыньскі.

Фота: Елісееў Андрэй

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі