Адзін прыёмнік для манет — 3 мільёны
З 1 ліпеня 2016 года ў Беларусі з’явяцца новыя грошы і манеты. Банкам і ўладальнікам аўтаматаў па продажы кавы, цацак і іншых рэчаў давядзецца вырашаць гэтую праблему. Ці змогуць кавааўтаматы і плацёжныя тэрміналы прымаць манеты і як яны будуць працаваць тыя паўгода, калі старыя і новыя грошы будуць хадзіць адначасова?
Кавамашыны будуць прымаць манеты і даваць рэшту
Для ўтрымальнікаў каваапаратаў толькі прыёмнік для манет пацягне на 3 мільёны. Гэта без уліку новай праграмы для тэхнікі.
"Манетапрыёмнік адзін, прыкладна, будзе каштаваць каля 3 мільёнаў на сённяшнія грошы, разам з дастаўкай. Плюс, не вядома, колькі будзе каштаваць праграма. Да таго ж, старыя грошы будуць хадзіць некаторы час. Відаць, некаторыя ўладальнікі аўтаматаў будуць чакаць, пакуль новыя грошы цалкам не заменяць старыя", — кажуць у кампаніі, якая займаецца каваапаратамі, аўтаматамі з цацкамі і бахіламі.
Да таго ж, у аўтаматах мусіць з'явіцца опцыя выдачы рэшты — гэта таксама праблема.
Банкаматы даваць манеты не змогуць
Пад новыя грошы давядзецца пераналадзіць банкаматы. Як даведваемся ў Тэхнабанку, наладзіць іх пад выдачу манет не атрымаецца. Але атрымаецца пад новыя купюры. Пры гэтым, старыя ён выдаваць не будзе.
"Падобная сітуацыя была, калі з'явіліся новыя купюры ў 200 тысяч. Пакуль новых купюр няма, каб дакладна сказаць. Але, можа, давядзецца дакупіць пэўнае абсталяванне. Калі банкамат пераналадзіць, то ён будзе выдаваць толькі новыя купюры", — тлумачаць у Тэхнабанку.
Але яшчэ паўгода пасля дэнамінацыі старыя купюры будуць прымаць у крамах і банках.
Што будзе з плацёжнымі тэрміналамі і банкаматамі, у Белаграпрамбанку пакуль сказаць не могуць, чакаюць рэкамендацый Нацбанка.
"Пакуль ідзе ацэнка ўсіх момантаў, падлікі. Але нешта казаць зарана. Час яшчэ ёсць, да таго ж, будуць нейкія метадалагічныя рэкамендацыі Нацбанка. Але ўсё будзе зроблена ўчас", — абяцаюць у банку.
З 1 ліпеня 2016 года 10 000 стануць адным рублём. Найбуйнейшай банкнотай будзе 500 рублёў. На сённяшнія грошы гэта 5 мільёнаў. Таксама ў абарачэнне увядуць металічныя грошы.
Фота: 21.by