"Развод" на афрыканскім рынку: Набыць за 40 долараў тое, што каштуе 80
А потым даведацца, што насамрэч яно каштуе 10 – журналісты Еўрарадыё паспрабавалі гандлявацца, але ўсё адно былі падманутыя мясцовымі “кідаламі”.
Чытайце таксама:
Як жывуць людзі ў Кіберы — самых вялікіх трушчобах Афрыкі
Мільён чалавек за чатыры кіламетры ад цэнтра сталіцы Кеніі Найробі не маюць вады, электрычнасці і каналізацыі.
Афрыканскае сафары – адзін дзень у саванне сярод дзікіх жывёл
Гэтым разам пасля трушчобаў Кіберы мы накіроўваемся ў нацыянальны парк да небяспечных буйвалаў і драпежных ільвоў.
Масаі маркет – месца вельмі вядомае ў Найробі, сталіцы Кеніі. Тут мясцовыя плямёны прадаюць самыя розныя артэфакты і афрыканскія сувеніры. Таму сюды ідзе шмат турыстаў. Але і гэта месца аказалася не самым бяспечным. Нас падманулі і ледзь не пабілі.
Таксі пад’язджае да берага невялікай рэчкі блізка ад цэнтра Найробі. Тут проста з зямлі і намётаў прадаюць безліч розных сувеніраў ад вопраткі да посуду. Афрыканцы гуляюць па рынку спакойна, а вось мінівэн з белымі адразу абступаюць мясцовыя “развадзілы” і не даюць праходу.
“Рынак – гэта кам’юніці, разумееш? Таму ты набірай усё, што спадабаецца ў розных прадаўцоў, а потым са мной разлічышся ў канцы. Так будзе добрая зніжка”, – нас адразу прымае ў абарот адзін з мясцовых, і становіцца зразумела, што разводзіць нас тут будуць сур’ёзна.
Нас пачынаюць вадзіць па рынку і прапаноўваць усё што заўгодна – упрыгожванні, посуд, вопратку, жаночыя сумкі, фігуркі жывёлаў і нават масайскія дзіды. Суправаджаючыя вельмі настойлівыя, але ветліва дазваляюць здымаць усё навокал.
Віталь Ругайн: “Мне патрэбна толькі адна майка і тры магніцікі. Так што паспрабуем набыць іх па меншым кошце. Але прадаўцы кошты не кажуць, маўляў, потым разлічымся. Даводзіцца настойваць”.
– Колькі каштуе вось гэта майка?
– 50 долараў.
– За гэта 50 долараў??? Я падобную набываў у штатах за 5 баксаў! (І гэта праўда)
– Так гэта ж кенійская якасць!
Ад такой выгаднай пакупкі адмаўляемся, і толькі тады гандляр пагаджаецца на любы наш кошт, толькі не 5 баксаў, бо гэта зусім танна. Спыняемся на 10 доларах, але гэта нармальны еўрапейскі кошт, не забываемся, што мы ў беднай Афрыцы.
Цікавімся, ці можна фатаграфаваць?
“Ды калі ласка! Усё, што захочаце. Усё фатаграфуйце! Абсалютна ўсё!”
Алесь Пілецкі: “Я дастаю камеру і пачынаю шукаць прыгожыя ці хаця б яскравыя кадры. Адначасова адбіваюся ад назойлівых прапановаў набыць нейкую фігню за 80 долараў. Фігнёй аказваецца набор драўляных падставак пад кубкі. Пяць штук — па 18 баксаў за кожную”.
Далей нас водзяць па гандлёвых шэрагах і зноў прапануюць набыць розныя непатрэбныя рэчы. Знаходзім магніцікі, выбіраем тры – кошт зноў не кажуць: “За опт будзе зніжка, май фрэнд”. Што ж, рыхтуемся да чарговага разводу, які наступае ўжо неўзабаве.
Пры выніковых падліках аказваецца, што майка каштуе 14 долараў, а магніцікі – па 8, але нам робяць афігенную зніжку ў два баксы і ў суме атрымліваецца 36 долараў.
Гэта было чакана, таму пасля працяглага гандлю аддаем за ўсё 22 долары і задаволеныя сыходзім. Дакладней, спрабуем сысці. Масаі спрабуюць уцюхаць набор падставак за 80 долараў!
Алесь: “Праз хвілін дзесяць набор падставак таннее да 40 долараў. Праўда, ён мне і задарма не вельмі патрэбны, таму іду на хітрасць. “Я тут толькі фатаграфую, вунь мой начальнік”, — паказваю назойлівым прадаўцам на калегу. Яны кідаюцца да яго”.
Віталь: “А я не магу зразумець, што ад мяне хочуць. – Набудзь падстаўкі за 40 баксаў, – патрабуе “развадзіла”. Але яны мне не патрэбныя, – Дык ты для яго набудзь”.
Аказваецца, што сувеніры набыў толькі адзін з нас, а здымкі рабілі абодва. Таму нашы суправаджаючыя настойліва прапануюць узяць падстаўкі для кружак за 40 долараў. Сітуацыя накаляецца, нас абступае чалавек дзесяць, і пачынаецца рэзкі дыялог.
– Хай ён набывае альбо плаціць за фота 10 баксаў!
– У самым пачатку вы казалі, што фота бясплатна.
– Так, але ён нічога не купіў, таму трэба плаціць за фота.
– Але я купіў, і ён здымаў для мяне. Магу вярнуць вам пакупкі, вы мне грошы, і мы заплацім за фота.
Такі варыянт масайскім гандлярам не падабаецца, таму ад ідэі узяць грошы яны адмаўляюцца. Але ўсё роўна спрабуюць прадаць падстаўкі – кошт зніжаецца кожную хвіліну: “40, 30, 20, 10 долараў. Забірай бясплатна”. Пад шумок адыходзім да таксі і змываемся адсюль, пакуль не забралі камеру.
Калегі з Азербайджана – дзве маладыя дзяўчыны – аказаліся больш прынцыповымі і хадзіць па рынку з “развадзіламі” катэгарычна адмовіліся. Набылі кучу розных упрыгожванняў у разы танней, і мы разумеем, што нават за 22 долары нас няслаба падманулі.
“Мы адразу паводзілі сябе з імі вельмі груба. Сказалі, што выклікаем паліцыю, калі яны не адчэпяцца. І іх як не было. У іх прысутнасці прадаўцы нам баяліся казаць кошты. Яны прызналіся, што гэтыя мужыкі іх б’юць, калі яны нешта прадаюць у абыход”.
Вось такое кам’юніці. “Развадзілы” падманваюць пакупнікоў, бяруць з іх вялікія грошы, а прадаўцам застаюцца грашы. Таму набыць у іх наўпрост можна ў разы танней. Праўда, трэба быць вельмі настойлівым.
Рынак Масаі знаходзіцца ў Найробі, але штодзень у розным месцы. Без дапамогі таксі адшукаць яго няпроста. Але перасоўвацца на вялікія адлегласці ў гэтым горадзе ўвогуле не трэба без таксі. Будзьце гатовыя да коркаў, як у Маскве, і да таго, што прайсці спакойна па вуліцы не атрымаецца. Нас два разы пыталі: “Ці вы хлопцы не расісты?” Рэпартаж пра саму сталіцу Кеніі чытайце ў пятніцу.