Агнешка Рамашэўская-Гузы больш не кіруе "Белсатам"
Агнешка Рамашэўская-Гузы
Агнешка Рамашэўская-Гузы больш не кіруе тэлеканалам "Белсат". Яна пакідае сваю пасаду 12 сакавіка 2024 года — гэта адбываецца ў межах працэсаў рэструктурызацыі, якія праходзяць цяпер на польскім тэлебачанні.
Рамашэўская-Гузы ўзначальвала "Белсат" са снежня 2007 года і да сённяшняга дня — з кароткім перапынкам у 2009 годзе. Гэта фактычна ўвесь час працы тэлеканала. Пры ёй "Белсат" зрабіўся заўважным гульцом у беларускай медыяпрасторы. А таксама пачаў рускамоўнае вяшчанне на Youtube-канале "Вот так TV".
Пасля выбараў 2020 года ўлады Беларусі пачалі жорстка помсціць белсатаўцам за працу. 17 супрацоўнікаў тэлеканала сёння знаходзяцца ў беларускіх турмах.
Пасля таго, як у кастрычніку 2023 года на парламенцкіх выбарах у Польшчы перамагла апазіцыя, на польскім тэлебачанні пачалася маштабная рэструктурызацыя.
Па словах медыяменеджаркі, надалей "Белсат" плануюць падзяліць: беларускамоўны кантэнт аддзеляць ад рускамоўнага, пры гэтым амаль удвая скараціўшы бюджэт канала — да 40 млн злотых (каля $10 млн).. А праграмы на рускай мове перанясуць на TVP World. Яна крытыкуе гэтае рашэнне — маўляў, так справа яе жыцця ператворыцца ў "жабрацкі клон якой-небудзь Deutsche Welle".
Агнешцы Рамашэўскай-Гузы 62 гады. У канцы 1980-х яна была студэнцкай актывісткай. З красавіка 1992 года — на Польскім тэлебачанні (TVP). Была рэпарцёркай і выпускаючай рэдактаркай навінаў, міжнароднай карэспандэнткай. Працавала ў Косаве, Босніі, Паўночнай Македоніі, Румыніі, Афганістане.
У 2005 годзе Рамашэўская-Гузы была прызначаная карэспандэнткай Польскага тэлебачання ў Мінску. Але ўжо ў снежні ўлады анулявалі яе візу.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.