АГП падала заяўкі на 74 пікеты, каб патрабаваць адстаўкі Лукашэнкі
А таксама выказаць пратэст супраць фінансава-эканамічнай палітыкі цяперашніх уладаў.
Аб'яднаная грамадзянская партыя падала 74 заяўкі ў розных рэгіёнах Беларусі на правядзенне пікетаў (большасць іх запланавана на 17 студзеня). Пра мэту гэтай акцыі Еўрарадыё распавёў старшыня АГП Анатоль Лябедзька:
"У заяўцы фігуруюць тры тэмы. "Па-першае, гэта наш пратэст супраць фінансава-эканамічнай палітыкі, якую праводзяць цяперашнія ўлады. А па-другое, мы артыкулюем пытанне адстаўкі Лукашэнкі і яго бліжэйшага атачэння. І трэцяе — мы за рэалізацыю антыкарупцыйнай платформы, якая распрацавана 11 палітычнымі і грамадска-палітычнымі арганізацыямі".
Паводле слоў Лябедзькі, не выключана, што ўлады не дазволяць ніводнага пікету. Таму плануецца правядзенне інфармацыйнай кампаніі ў тых рэгіёнах, дзе пададзеныя заяўкі, падрыхтаваныя інфармацыйныя матэрыялы. "Таму да людзей дойдзем у любым выпадку", — кажа Анатоль Лябедзька.
Здымак з архіву Еўрарадыё.