АГП рыхтуе акцыі ў падтрымку "еўрамайдана"
Беларусы не толькі ўдзельнічаюць у акцыях пратэсту ва Украіне, але і спрабуюць наладзіць іх у Беларусі.
Аб'яднаная грамадзянская партыя хоча правесці легальныя акцыі і просіць на іх дазвол у мясцовых уладаў.
Вось што распавёў Еўрарадыё старшыня АГП Анатоль Лябедзька:
"Мы пачалі падачу заявак на правядзенне акцый у падтрымку "еўрамайдана". У прыватнасці, у Гомелі, Бярэсці, Магілёве, Бабруйску гэта ўжо зрабілі".
У Гомелі плануецца правесці шэсце. Але ці дадуць на яго дазвол чыноўнікі, невядома.
Нагадаем, ва Украіне працягваюцца масавыя акцыі пратэсту прыхільнікаў еўраінтэграцыі. Яны пачаліся пасля таго, як украінскі ўрад напярэдадні віленскага саміта адклаў падпісанне дамовы пра асацыяцыю з Еўрасаюзам. У ноч на 30 лістапада спецназ жорстка разагнаў еўрамайдан у цэнтры Кіева. У адказ на гэта ў нядзелю, 1 снежня, на вуліцы і плошчы выйшла да 500 тысяч чалавек, на плошчы Незалежнасці было адноўленае намётавае мястэчка. Удзельнікі акцый пратэсту запатрабавалі адстаўкі ўраду і прэзідэнта, правядзення датэрміновых выбараў. Сёння Вярхоўная Рада разглядае пытанне адстаўкі кабінета міністраў, каля яе сабраліся тысячы людзей, якія чакаюць рашэння парламента.
Фота — ria.ru