Агучаны маршрут вулічнай акцыі на Дзень Волі ў Мінску

Агучаны маршрут вулічнай акцыі на Дзень Волі ў Мінску

Агучаны маршрут вулічнай акцыі на Дзень Волі ў Мінску. Шэсце 25 сакавіка пройдзе ад Акадэміі навук, дзе пачнецца а 14-й гадзіне, па праспекце Незалежнасці да Кастрычніцкай плошчы, там запланаваны мітынг. Пра гэта ў сераду на прэс-канферэнцыі паведаміў старшыня Руху "За Свабоду" Юрый Губарэвіч. Ён паведаміў, што ўлады маршрут яшчэ не ўхвалілі. Адказ з Мінгарвыканкама мусіць паступіць не пазней за 20 сакавіка, інфармуе сайт pyx.by.

Губарэвіч лічыць, што на сённяшні дзень "пратэстны патэнцыял беларусаў... даволі высокі". І нельга дапусціць, каб яго "прыватызавала" нейкая палітычная структура ці палітык. "Станоўчы эфект ад выхаду людзей на вуліцы можа даць толькі супольная праца па падрыхтоўцы акцыі", — заявіў лідар Руху "За Свабоду".

Юрый Губарэвіч лічыць, што нельга акцыю 25 сакавіка зводзіць толькі да пратэсту супраць дэкрэта № 3. "Заўсёды людзі выходзілі з лозунгамі ў абарону незалежнасці Беларусі, так будзе і ў гэтым годзе... Незалежнасць Беларусі, як і прынялі рашэнне ад пачатку, будзе асноўным лозунгам акцыі", — сказаў палітык.

Удзельнікі аргкамітэта, у які ўваходзяць Рух "За Свабоду", АГП, Партыя БНФ, аргкамітэт па стварэнні партыі БХД, Рух Салідарнасці "Разам" (магчыма, далучыцца і Беларускі нацыянальны кангрэс), заклікалі ўлады зрабіць Дзень Волі дзяржаўным святам.

Як вядома, 25 сакавіка 1918 года ў Мінску была аб'яўлена дзяржаўная незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі