Ахову Ганчара з “Белага легіёна” знялі перад яго знікненнем

Ахову Ганчара з “Белага легіёна” знялі перад яго знікненнем

У 1999 годзе ў Віктара Ганчара была асабістая ахова, якая складалася з удзельнікаў “Белага легіёна”. Але яе знялі незадоўга да таго, як палітык знік. Пра гэта ў эфіры Еўрарадыё расказаў былы вайсковец і стваральнік легіёна Сяргей Бульба

Ахову Ганчара з “Белага легіёна” знялі перад яго знікненнем

 

“У Ганчара сапраўды была ахова — вельмі адмысловыя спецыялісты з нашага боку [з “Белага легіёна”. — Еўрарадыё]. Ганчар пра нас так і адзываўся: “Хлопцы, вельмі здзіўлены, што з гэтага боку нехта ўмее прафесійна працаваць”. У пэўны момант я прыходжу да яго, і ён кажа: “Здымай ахову! Гарантыя маёй бяспекі — мая вядомасць”. Усе мае спробы давесці, што ў гэтай краіне ўжо няма правілаў гульні, не дапамаглі — ён мяне не чуў”.

На наступны дзень, па словах Бульбы, з ім сустрэўся адзін са “спонсараў” Ганчара (хто гэта, ён удакладняць не стаў):

“Запытаўся ў мяне, калі я апошні раз быў у адпачынку. Гадоў пяць таму, кажу. Тады ён дастае брыкет грошай, досыць прыстойны, і кажа: “Бяры пару байцоў — едзь”. 

Сяргей узяў некалькі паплечнікаў і разам з імі паехаў у Крым, дзе адпачываў каля 10 дзён. А па вяртанні ў Беларусь, на мяжы, атрымаў на пэйджар паведамленні ад Ганчара. 

“У пэйджарах інфармацыя захоўвалася 10 дзён. Аказалася, што ён мне ў той дзень [знікнення. — Еўрарадыё] тройчы прысылаў паведамленне — клікаў у тую лазню [на выхадзе з якой Ганчар і Красоўскі зніклі. — Еўрарадыё]”. 

Тэма зніклых палітыкаў і бізнесмена ўзнялася пасля публікацыі на ютуб-канале Deutsche Welle размовы з беларусам Юрыем Гараўскім, які называе сябе былым байцом беларускага "эскадрона смерці". У фільме мужчына прызнаецца, што ў 1999 годзе дапамагаў выкрасці і забіць апазіцыйных палітыкаў — экс-міністра ўнутраных спраў Юрыя Захаранку і экс-старшыню ЦВК Віктара Ганчара, а таксама бізнесмена Анатоля Красоўскага.

Сяргей Бульба гісторыі Юрыя Гараўскага не давярае. Ён параўновае яе з фільмам “Хросны бацька”, які выйшаў у 2010 годзе па НТВ — акурат перад прэзідэнцкімі выбарамі ў Беларусі. Бульба мяркуе, што фільм DW можа быць выкарыстаны, каб аказаць ціск на Аляксандра Лукашэнку пры перамовах з Расіяй.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі