Акцыя апазіцыі, прымеркаваная да Дня волі, пройдзе ў Мінску
У Мінску пройдзе акцыя апазіцыі, прымеркаваная да Дня Волі. Сталічныя ўлады далі дазвол на збор удзельнікаў святочнага шэсця ля кінатэатра “Кастрычнік” з 18.00 да 18.30 і на шэсце да парку Дружбы Народаў, дзе затым адбудзецца мітынг. Гэты санкцыянаваны маршрут істотна адрозніваецца ад таго, які прапаноўвала апазіцыя.
Сябра камітэту Дня Волі-2016, старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч раней заявіў, што рашэнне аб тым, ці прытрымлівацца дазволенага ўладамі маршрута, будзе прымацца супольна ўсім аргкамітэтам. Пры гэтым ён лічыць, што прайсці па вуліцы Сурганава — “гэта нармальна, годна”. Янукевіч падкрэсліў, што заклікаць людзей збірацца для ўдзелу ў мітынгу ў парку Дружбы Народаў каля плошчы Бангалор аргкамітэт не будзе.
Экс-палітвязень Мікола Статкевіч заклікаў грамадзян ускладаць кветкі да помніка Янку Купалу, а потым адтуль пешшу рухацца да кінатэатру “Кастрычнік” як да месца афіцыйна дазволенага збору ўдзельнікаў акцыі.
Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька заклікаў усіх удзельнікаў прыходзіць на акцыю з бел-чырвона-белымі стужкамі.
Штогод 25 сакавіка дэмакратычная супольнасць Беларусі адзначае Дзень Волі — гадавіну абвяшчэння Беларускай народнай рэспублікі. Утварэнне БНР, якое адбылося 25 сакавіка 1918 года, называюць найважнейшай падзеяй у станаўленні беларускай дзяржаўнасці.