Аховай мяжы з Расіяй займаюцца памежнікі з Гомеля, Гродна і Пінска — "Флагшток"

Начны надгляд на мяжы з Расіяй / "Флагшток"
Начны надгляд на мяжы з Расіяй / "Флагшток"

Беларуска-расійскую мяжу кантралююць вайскоўцы Гомельскай і Гродзенскай памежнай групы, а таксама Пінскага памежнага атрада. Як выявілі журналісты "Флагштока", ахоўваць мяжу з Расіяй плануецца мінімум да канца верасня. Гэта вынікае з тэндараў на арганізацыю харчавання вайскоўцаў.

Вайскоўцы Пінскага памежнага атрада размяшчаюцца ў раёне гарадскога пасёлка Лёзна Віцебскай вобласці. Для 30 вайскоўцаў тут арганізавалі трохразовае харчаванне з траўня па чэрвень.

Гродзенскія памежнікі дзяжураць таксама на Віцебшчыне — у Расонах і Езярышчы. Гэтая памежная група правяла два тэндары на арганізацыю харчавання. У траўні-чэрвені харчаванне было прадугледжанае для 17 чалавек у Расонах і для 20 чалавек у Езярышчы. На пачатку чэрвеня правялі новую закупку — для 20 чалавек у Расонах і 22 у Езярышчы.

Гомельскія памежнікі ахоўваюць мяжу на Магілёўшчыне — у аграгарадку Звячатка. Харчаванне для 20 чалавек тут арганізаванае да канца верасня.

Як паведамлялася раней, пункты кантролю на мяжы з Расіяй з'явіліся 5 траўня. Спярша памежнікі правяралі толькі тых, хто едзе ў Беларусь, а праз некалькі дзён пачалі правяраць усіх падарожнікаў. У тых, хто раней трапляў у поле зроку сілавікоў, патрабуюць разблакаваць тэлефон для надгляду, і калі-нікалі затрымліваюць.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі