Акторы тэатры імя Максіма Горкага падтрымалі купалаўцаў

Акторы тэатры імя Максіма Горкага падтрымалі купалаўцаў

У падтрымку актораў Купалаўскага тэатра выступілі іх калегі з Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Максіма Горкага. У адкрытым лісце яны выказалі глыбокую занепакоенасць сітуацыяй, якая склалася ў краіне.

Артысты заклікаюць неадкладна спыніць гвалт і прыніжэнне чалавечай годнасці з боку супрацоўнікаў сілавых структур супраць мірных грамадзян. Яны хочуць, каб асоб, якія непасрэдна прымалі ўдзел у неправамоцных затрыманнях, катаваннях, збіваннях, а таксама асоб, якія непасрэдна кіравалі іх дзеяннямі, і тых, хто аддаваў злачынныя загады, неадкладна прыцягнул да адказнасці. 

"Настойваем на неадкладным разглядзе ўсіх заяў і скаргаў, пададзеных у органы правапарадку. Лічым недапушчальным аказваць ціск на людзей, якія адкрыта выказваюць сваю грамадзянскую пазіцыю або бяруць удзел у мірных акцыях пратэсту", — пішуць артысты ў лісце, які цытуе TUT.by.

Таксама падпісанты ліста выказаліся за тое, каб у СМІ аб'ектыўна асвятляліся падзеі ў краіне. 

Асобна яны выказалі салідарнасць з калектывам Купалаўскага тэатра. "Разбурэнне найстарэйшага творчага калектыву, які з'яўляецца флагманам беларускай тэатральнай культуры і сапраўдным нацыянальным здабыткам, лічым недапушчальным", — заяўляюць акторы.

Напярэдадні з Купалаўскага тэатра звольніліся 58 супрацоўнікаў, у тым ліку 36 актораў і ўсе рэжысёры. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі