Алексіевіч: Ездзіць на дрэвакамбінат — гэта не справа прэзідэнта
Святлана Алексіевіч 5 снежня прыляцела ў Стакгольм. У аэрапорце Арланда пісьменніцу сустракаў з кветкамі былы амбасадар Швецыі ў Беларусі Стэфан Эрыксан. Ён выконвае абавязкі прэс-аташэ Нобелеўскай лаўрэаткі.
Падчас палёту Алексіевіч дала інтэрв'ю Радыё "Свабода". У ім пісьменніца падкрэсліла, што асноўная праблема цяперашняй Беларусі — цяжкасці з доступам да адукацыі: "Галоўнае, што мяне найбольш засмучае, гэта тое, што ў вёсцы, дый не толькі ў вёсцы, але і ў горадзе бедныя людзі не могуць вучыць сваіх дзяцей. Гэта самае вялікае злачынства, якое робіць улада. Самае вялікае! І сельскія бібліятэкі, якія зніклі. Урэшце не ў кожнай вёсцы ёсць інтэрнэт, вельмі мала ў каго ён ёсць. Вось наш патэнцыял — гэта новае маладое пакаленне, якому трэба даць магчымасць. Колькі я езджу па вёсках, я бачу, як бацькі сёння пакутуюць ад таго, што не могуць вучыць сваіх дзяцей. А ўсе гэтыя пафасныя рэчы — ездзіць то на дрэвакамбінат, то на Салігорскі камбінат — гэта не справа прэзідэнта. Прэзідэнт мусіць стратэгічна думаць".
Фота: svaboda.org