"Алексіевіч расказала заходнім чытачам пра Адамовіча і Быкава"
Падчас міжнароднай кніжнай выставы госцем студыі Еўрарадыё стаў брытанскі выдавец кнігі Святланы Алексіевіч "Час сэканд-хэнд" Жак Тэстар. Мы паразмаўлялі пра тое, наколькі папулярнай у Брытаніі і на Захадзе агулам застаецца Алексіевіч праз год пасля атрымання прэміі, наколькі разумеюць яе кнігі і ці ведаюць там іншую беларускую літаратуру. Публікуем запіс размовы, а таксама выбраныя цытаты з яе.
"Святлана Алексіевіч застаецца дагэтуль вельмі папулярнай у Брытаніі. Цяпер яе выбралі ў шорт-ліст вельмі прэстыжнай брытанскай прэміі Бэйлі Гіфад".
"У траўні толькі ў Брытаніі выйшла пятае выданне кнігі "Час сэканд-хэнд". У іншых краінах я выдаю гэтую кнігу сумесна з іншымі выдавецтвамі ЗША, Паўднёвай Афрыкі і Аўстраліі. У Індыі таксама. Па-англійску гэтую кнігу можна знайсці па ўсім свеце".
"Тое, што Алексіевіч піша пра Савецкі Саюз, не перашкаджае яе папулярнасці ў свеце... У кнігах Алексіевіч універсальныя эмоцыі, пачуцці. Яна своеасабліва падыходзіць да гісторыі гэтай краіны. Гэта цікава патэнцыйным чытачам".
"На жаль, беларускія аўтары мала вядомыя ў англамоўным свеце. Калі Святлана Алексіевіч атрымала ўзнагароду, яна расказала пра Алеся Адамовіча і Васіля Быкава, як пра сваіх настаўнікаў".
"Падчас 10-дзённага брытанскага тура у Алексіевіч спыталі, чаму яна сябе называе беларускай пісьменніцай, а не рускай альбо украінскай. Яна сказала, што належыць да ўсіх трох гэтых нацый".