Алесь Пушкін працягне святкаваць Купалле, але без алкаголю
Адбыўся суд па справе выбуху на Купалле. Мастак мусіць сплаціць “невялікі штраф”. Справа супраць яго закрытая.
“Высновы я адназначна зрабіў. Трэба выключыць алкаголь. Не трэба, каб людзі прыходзілі на крупнік. Будзе проста наша беларуская купальская ноч – абрады, танцы”, — распавядае Еўрарадыё мастак.
Алесь Пушкін гаворыць, што рады і ўдзячны такому мяккаму выраку. Ён таксама сцвярджае, што пасля сёлетняга выпадку добра зразумеў патрабаванні ўладаў да правядзення масавых мерапрыемстваў: “Абавязкова павінны быць медыкі, пажарныя, міліцыя павінна кантраляваць”.
Суд над Пушкіным прайшоў яшчэ 4 верасня. Яго асудзілі не за прычыненне шкоды здароўю па неасцярожнасці, а за самагонаварэнне. Пацярпелыя ў выніку інцыдэнта не выставілі нейкіх прэтэнзій да мастака. У адваротным выпадку ён мог трапіць за краты на 6 месяцаў, альбо атрымаць штраф да 10 мільёнаў.
Нагадаем, трагедыя адбылася сёлета падчас святкавання Купалля. Алесь Пушкін уначы варыў крупнік у прысутнасці вялікай групы людзей. У нейкі момант адбыўся выбух пароў спірта, моцна пацярпела жанчына і дзве дзяўчынкі. Яны атрымалі апёкі 1-3 ступені. Самая малодшая з пацярпелых – Ганна – правяла ў бальніцы 2 месяцы, прайшла курс рэабілітацыі ў Аксакаўшчыне і зараз ужо пайшла ў школу.
Фота: "Наша ніва".