Алесін: Расійскіх войскаў на вучэннях "Захад-2017" мала для кантролю Беларусі
Беларуска-расійскія вайсковыя вучэнні "Захад-2017" не пагражаюць незалежнасці ні Беларусі, ні яе суседзяў. Такое меркаванне ў эфіры Еўрарадыё выказаў незалежны ваенны эксперт Аляксандр Алесін.
Нагадаем, што для маштабных вайсковых вучэнняў расійскія войскі плануюць даставіць у Беларусь больш за 4000 вагонаў з тэхнікай і жывой сілай. У СМІ выказваюцца меркаванні, што такім чынам рыхтуецца расійская вайсковая агрэсія — магчыма, у бок Украіны.
Алесін мяркуе, што названай колькасці войскаў не хопіць для таго, каб кантраляваць Беларусь, краіны Балтыі, Украіну. Ён нагадвае, што пры наступе актыўныя дзеянні вядзе толькі траціна асабовага складу, а астатнія дзве траціны войскаў складаюць разнастайныя службы забеспячэння.
Ваенны эксперт мяркуе, што хутчэй за ўсё асноўнай задачай вучэнняў для расійскіх войскаў будзе трэніроўка ў перакідванні вайсковых часцей.