Алесін: Восенню Мінску давядзецца вызначацца, ці будзе ў нас расійская авіябаза
Беларусь нечакана аказалася ў цэнтры ваенных “гульняў” паміж Расіяй і NATO — у атачэнні іх ваенных баз. Усяго некалькі тыдняў таму ў Клінцах, на мяжы з Гомельскай вобласцю, расіяне размясцілі сваю дывізію і заяўляюць пра хуткае з’яўленне мотастралковай брыгады ў Ельні — непадалёк ад Оршы. Са свайго боку, NATO прымае рашэнне стварыць базы ў Польшчы і краінах Балтыі. Але калі расійскіх ваенных ля нашых межаў будзе 13 тысяч на дзвюх базах, то натаўскіх — 4 тысячы. На ўсе чатыры краіны.
Колькасць непараўнальная. А ў такім выпадку якая карысць ад гэтых новых баз NATO?
Кожны з чатырох батальёнаў NATO будзе мультынацыянальны, тлумачыць ваенны эксперт Аляксандр Алесін. І патрэбныя яны краінам, у якія іх накіроўваюць, як… закладнікі.
“Калі Расія нападзе, амерыканцы сваіх, канечне, не кінуць. Калі там будуць канадскія, нямецкія, французскія вайскоўцы, то і іх краіны сваіх не кінуць. І адначасова яны не кінуць тыя краіны, на тэрыторыі якіх раскватараваныя гэтыя батальёны. Атрымліваецца, што батальёны — як закладнікі”, — кажа Алесін.
Пасля анексіі Крыма і распальвання канфлікту на Данбасе страх краін Балтыі за сваю незалежнасць зразумелы. І зразумелае іх жаданне атрымаць гарантыі ад NATO, што той іх будзе бараніць у выпадку расійскай агрэсіі. Але з іншага боку, менавіта з’яўленне новых баз вядзе да новай канфрантацыі ў рэгіёне, упэўнены Алесін. Прычым рост напружання паміж Расіяй і NATO наўпрост закранае Беларусь: ад жадання паставіць сваю авіябазу ў нашай краіне расійскае кіраўніцтва не адмаўляецца.
“І за гэтую базу ці за іншую ваенную прысутнасць будзе ісці вельмі жорсткая барацьба. Бо Расія хоча, каб Лукашэнка зрабіў выбар: на чыім баку ён будзе ваяваць? І праблемы эканамічныя, што ў нас раптам узніклі, нежаданне змяншаць цану на газ, тое, што Рассельгаснагляд пастаянна высоўвае да нас нейкія прэтэнзіі, цяжкасці, якія маюць беларускія пастаўшчыкі ў Расіі, — ва ўсім гэтым можна бачыць жаданне эканамічна націснуць на Беларусь. Можна меркаваць, што восенню неабходнасць у грашах у Лукашэнкі будзе яшчэ большая, і тады будзе момант ісціны: якім будзе яго рашэнне па базе, ці ўдасца нам утрымаць свае пазіцыі?” — разважае ваенны эксперт.
Лукашэнку гэтага рабіць зусім не хочацца. Найперш таму, што з’яўленне на нашай тэрыторыі расійскай авіябазы дрэнна адаб’ецца на міжнародным іміджы нашай краіны, упэўнены палітолаг Арсеній Сівіцкі.
“Як толькі тут будуць створаныя расійскія ваенныя базы з экстэрытарыяльным статусам, якія будуць наўпрост падпарадкоўвацца Маскве, гэта будзе азначаць, што з Беларуссю ўжо няма пра што гаварыць — усе пытанні трэба вырашаць у Маскве”.
У свеце набірае моц новая “халодная вайна”, кажа Сівіцкі. Але наша краіна, нягледзячы на ўсе спробы ўсходняга суседа ўцягнуць у яе і Беларусь, пакуль дэманструе катэгарычнае нежаданне ўвязвацца ў чужыя разборкі.