Альфа-Банк распавёў падрабязнасці хакерскай атакі на банкаматы
Прадстаўнікі Альфа-Банка раскрылі дэталі маштабнай хакерскай атакі, якая адбылася на мінулым тыдні. Нагадаем, што тады банк адключыў на нейкі час усе свае банкаматы і прапанаваў кліентам здымаць грошы з партнёрскіх банкаў.
У каментары tut.by прадстаўнік банка паведаміў, што атака была скіравана менавіта на грошы ў банкаматах, а не на сродкі на рахунках кліентаў. Дырэктар дэпартамента электроннага бізнэсу Альфа-Банка Аляксей Корык назваў хакерскую атаку "ашуканскай інкасацыяй". Выявіць атаку, па яго словах, дапамаглі сістэмы бяспекі. У выніку банк адключыў усе банкаматы, каб не даць магчымасці для распаўсюду нападу.
Іншыя падрабязнасці прадстаўнік банка не паведаміў, спаслаўшыся на таямніцу следства. Цяпер справу расследуюць праваахоўныя органы. У банку правяраюць кожны банкамат перад запускам у працу. На гэты час працуе ўжо 21 банкамат. Да канца жніўня ўладальнікі картак Альфа-Банка могуць здымаць грошы ў банкаматах любых банкаў краіны без камісіі.
У банку кажуць, што схема нападу ўжо вядомая па замежных прыкладах. Штосьці падобнае было ў самым буйным банку Тайваня, а таксама ў адным з украінскіх банкаў у Кіеве.