Аліна Арлова пакажа частку новага альбома ў Мінску

Адхіліўшыся ад курса "канцэртаў у лютым", арганізатары вырашылі правесці канцэрт Аліны Арловай восенню. Па словах арганізатаркі Вольгі, менавіта гэтая пара году як мага больш пасуе рамантычнай літоўскай спявачцы і яе творчасці. Праграма, з якой Аліна гэтым разам прыедзе ў Мінск, таксама будзе адрознівацца ад папярэдніх выступаў.

“У яе з’явілася шмат новых песень, якія пакуль не атрымалі матэрыялізацыі ў новым альбоме, – тлумачыць Вольга. – Цяпер Аліна амаль не малюе, а шмат піша, таму ў хуткім часе можна чакаць новы альбом. А на канцэрце 23-га лістапада можна будзе пачуць шмат новых кампазіцый. Плюс — будзе новае гучанне — Аліна прыедзе з поўным складам, яны дадалі яшчэ бубнаў і скрыпкі. Ды і па працягласці гэты канцэрт будзе даўжэйшым, чым абодва папярэднія”.

Дарэчы, канцэрт Аліны Арловай зноўку пройдзе ў сталічным клубе Re:Public. Але гэтым разам арганізатары плануюць улічыць пажаданні фанатаў літоўскай дзівы і зрабіць больш утульнай залу клуба – напрыклад, раскідаць па танцпляцы мяккія пуфы ды крэслы, каб гледачы маглі парэлаксаваць па поўнай.

Напярэдадні імпрэзы арганізатары выступу Аліны Арловай абавязкова зладзяць традыцыйную preparty з пірагамі, кактэйлямі ды дамашняй атмасферай. Месца і дата правядзення вечарынкі стануць вядомыя пазней.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі