Альпійскія курорты змагаюцца з рэцэсіяй “чорнымі трасамі”

Альпійскія гарналыжныя курорты плануюць прыцягваць кліентаў “страшнымі трасамі”, паведамляе The Independent.

The Independent: “Вядомы швейцарскі Санкт-Морыц павялічыў максімальную круцізну трас да амаль непраўдападобнага 41 градуса, каб прэтэндаваць на званне найхутчэйшай чорнай трасы Еўропы. Піяршчыкі курорта апісваюць гэта “як задавальненне для адрэналінавых наркаманаў”.

Праехаць па такой трасе даволі рызыкоўна. Але ўлады гарналыжных вёсак Італіі, як і іх швейцарскія суседзі, таксама не сумняваюцца ў тым, што складаныя трасы стануць спакусай для лыжнікаў. А газета La Republica цытуе паліцэйскага, які патрулюе трасы ў паўночным рэгіёне Трэнціна:

“Усё, што патрэбна, каб прыцягнуць увагу, сказаць людзям, што траса прызначаная для дасведчаных лыжнікаў, і ў вас імгненна з’явяцца чэргі, бо гэта выдатная прапанова людзям праверыць свае магчымасці. Туды будуць імкнуцца нават тыя, хто рэальна мусіць ездзіць на самых простых трасах”.

Акрамя такіх экзатычных забаваў як “выпрабаванне адрэналінам”, гарналыжныя курорты заглядаюцца на турыстаў з далёкіх краін. Напрыклад, швейцарцы задумалі паставіць на лыжы кітайцаў.

Увогуле ж, маркетынгавая крэатыўнасць альпійскіх месцаў адпачынку вельмі проста тлумачыцца: большасць Альпаў цяпер змагаецца з рэцэсіяй. Інфармацыйнае агенцтва Ansa паведамляе, што тыдзень адпачынку ў італьянскіх Альпах абыдзецца ў 932 еўра на чалавека, а за сям’ю прыйдзецца выкласці 2240 еўра. Гэта без уліку дадатковых выдаткаў. Яны могуць датычыцца штрафаў, якія раздаюць у Швейцарыі безадказным лыжнікам. Альбо страхоўкі, на якой прафесіяналы не раяць эканоміць.

“Аматары зімовых відаў спорту могуць быць задаволеныя ад адрэналіну, які атрымліваюць, але рызыка няшчасных выпадкаў вышэйшая на схілах, чым на пляжы, таму страхаванне важнае, нават для моцных лыжнікаў”, — кажа брытанская гарналыжніца, удзельніца трох Алімпіяд, Чэмі Элкат.

Варта дадаць, што следам за швейцарскім Санкт-Морыцам, які мае спуск пад вуглом 41 градус, найбольш экстрэмальнымі можна лічыць італьянскія трасы Франка Бэрта (37 градусаў) і План-дэ-Каранэс (36 градусаў).

Фота: powderbeds.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі