Аляксандр Фядута: усім, хто сядзіць па гэтай справе, скажуць — пра вас забыліся

Аляксандр Фядута / з архіва Еўрарадыё
Аляксандр Фядута / з архіва Еўрарадыё

Не трэба было чакаць пачатку выбарчай кампаніі або афіцыйных вынікаў выбараў, каб выказаць здагадку, што ў 2020 годзе многія беларусы панясуць перадачы ў ізалятары. А Аляксандра Фядуту не трэба было ўгаворваць дапамагчы з складаннем спіса рэкамендацый для тых, хто рыхтуецца збіраць — або атрымліваць — гэтыя часта першыя ў сваім жыцці перадачы. "Патэлефануйце мне ўвечары", — лаканічна пагадзіўся Фядута ў ліпені 2020 года.

Упершыню палітолаг трапіў у СІЗА КДБ на наступны дзень пасля "Плошчы-2010". У той выбарчай кампаніі ён працаваў у штабе экс-кандыдата ў прэзідэнты Уладзіміра Някляева. Пасля трох з паловай месяцаў у "Амерыканцы" Фядуту вызвалілі пад падпіску аб нявыездзе, а потым прысудзілі да двух гадоў пазбаўлення волі ўмоўна.

Александр Федута: всем, кто сидит по этому делу, скажут — о вас забыли
Пратэстоўцы каля КДБ Беларусі / Еўрарадыё

Мы публікуем гэту запісаную яшчэ летам размову з Аляксандрам Іосіфавічам не толькі для таго, каб вы ведалі, што ў перадачу лепш скласці чэры, а не звычайныя памідоры, і што гістарычныя раманы і вершы чытаюцца лепш, чым дакументальная літаратура пра рэпрэсіі. За дзевяць месяцаў, якія прайшлі з той размовы, многія чытачы Еўрарадыё, мабыць, самастойна маглі скласці мануал па перадачах.

Мы публікуем гэты тэкст, каб паказаць вам: нават праз дзесяць гадоў на волі немагчыма забыць тыя кнігі, якія чытаў у СІЗА, тую садавіну, якую перадавалі блізкія, і тыя лісты, якія даходзілі радзей за садавіну.

 

"Так і напішыце: "Я цябе люблю"

Размова з Аляксандрам Фядутам планавалася як вельмі прыкладная: якія кнігі перадаць вязню, ад якіх прадуктаў адмовіцца. А Аляксандр Іосіфавіч загаварыў пра лісты.

— Усім, хто сядзіць і хто будзе сядзець па гэтай справе [маецца на ўвазе абстрактная "справа па выніках выбараў". — Еўрарадыё], будуць гаварыць, што пра іх забыліся. І гэта дзейнічае вельмі песімізавальна. Таму працягвайце пісаць блізкім, Усім тым, чые адрасы вы ведаеце. Калі вы рыхтуецеся да затрымання або арышту, у турэмны набор уключайце канверты з маркамі, шарыкавыя асадкі, простыя алоўкі і рыхтуйцеся пісаць, пісаць, пісаць. Прынцыпова важна не сарвацца псіхалагічна, вельмі важна захоўваць гатоўнасць вярнуцца да актыўнага жыцця.

Александр Федута: всем, кто сидит по этому делу, скажут — о вас забыли
Палітвязень Лявон Халатран падлічыў лісты, якія яму прыходзілі

Да таго моманту, як Фядута ўпершыню трапіў у "Амерыканку", ён даўно не пісаў ад рукі. А там "практычна напісаў дзве кнігі".

— І я пачаў пісаць. Калі можаце пісаць — пішыце. Хай гэта будуць дурныя, дрэнныя вершы, але калі ў іх няма ніякай палітыкі, іх абавязаны перадаць вашым блізкім на волю. Хай там збіраюць калекцыю вашых тэкстаў. Што-небудзь ды спатрэбіцца.

У той размове Фядута расказаў пра мянушкі, пад якімі ведаюць яго хатнія. Не з асаблівага даверу, а каб перасцерагчы будучых сядзельцаў ад зашыфраваных пасланняў блізкім. У сваіх першых лістах Фядута маляваў карцінкі, якія адсылаюць да гэтых яго мянушак, а турэмны псіхолаг спрабаваў разгадаць шыфр, які ён кадаваў у гэтых малюнках.

— Гэта дрэнна. Не трэба, каб яны за вас дадумвалі, не трэба, каб падазравалі, што вы нешта хаваеце ад іх. Хочаце напісаць "Я люблю цябе", напішыце: "Я люблю цябе". Вельмі важна, каб вашы блізкія, якіх арыштуюць, разумелі, што вы іх любіце, што вы іх памятаеце. А вы, тыя, хто на волі, ведайце яшчэ адну рэч: там будуць рабіць усё, каб тое, што вы напісалі, не трапіла да зняволеных. Прынамсі, першы час, пакуль не пачнецца моцны ціск звонку на гэты рэжым.

Таму не адчайвайцеся, калі няма адказу, працягвайце насіць перадачы, працягвайце пісаць.
 

"На жонку першы час глядзелі з жахам"

Зіма 2011 года была складанай не толькі для Фядуты і іншых палітыкаў, затрыманых пасля выбараў. На волі якраз раскручваўся махавік інфляцыі, справакаваны ростам заробкаў да сакральных "папіццот" да снежня 2010-га. Ужо вясной нават па 10 долараў трэба было займаць чаргу.

Александр Федута: всем, кто сидит по этому делу, скажут — о вас забыли
Марына Шыбко і Аляксандр Фядута

— Калі мая жонка пайшла на Камароўку купляць памідоры для перадачы, я напісаў: перадай паўспелыя чэры. Яна тады не зразумела чаму. Падумала, што гэта капрыз. Але капрыз зняволенага мужа — гэта капрыз зняволенага мужа. І вось яна стаіць у чарзе, ніяк не можа падабраць тыя чэры, якія патрэбны. Прадавачка пачынае на яе бурчэць, кажа, навошта вам недаспелыя, вазьміце гэтыя, у бальніцах ёсць халадзільнікі, хай туды пакладзе. Марына адказвае: у мяне муж не ў бальніцы, у мяне ў турме. Прадавачка: а ваш што — карупцыянер? Жонка адказвае: палітычны.

Прадавачка на Камароўцы адразу зразумела, што трэба Марыне Шыбко. Знайшла самую правільную ўпакоўку чэры, а калі Марына расплацілася, пачула ў сябе за спінай, як прадавачка казала калезе:

— Мы думалі, што нам дрэнна. Вось каму дрэнна.

Але з такім спачуваннем Марына сутыкалася не заўсёды.

— Мне расказвалі, што на маю жонку першы час глядзелі з жахам. Яна была жонкай страшнага Фядуты, які спачатку прывёў Лукашэнку да ўлады, а пасля — крытыкаваў апазіцыю. А потым усё нармалізавалася.

Потым мы вельмі коратка абмеркавалі сітуацыю ў краіне — да дня выбараў заставалася два тыдні — і сышліся на трывіяльным "кожны чалавек робіць свой выбар".

— Адзіныя жыццё і свабода, якімі я магу распараджацца, — маё ўласнае жыццё і мая ўласная свабода, — сказаў Фядута.
 

Ня перадавайце цвёрдую вэнджаную каўбасу

Як сабраць ідэальную перадачу, Фядута, вядома, таксама расказаў. Мінулы раз яго ўзялі зімой. У пэўным сэнсе гэта спрашчае справу.

Александр Федута: всем, кто сидит по этому делу, скажут — о вас забыли
Валанцёры збіраюць перадачы для палітвязняў / spring96.org

— Узімку камера — гэта невялікі халадзільнік. Тыя прадукты, якія вам перадаюць, не псуюцца. Улетку трэба перадаваць прадукты, якія не псуюцца самі па сабе. Добра перадаваць вэнджаніну, але ёсць абмежаванні: можна перадаваць толькі каўбасу, а ад турэмнай ежы ў першую чаргу сыплюцца зубы. І мая вам парада, дарагія хлопцы і дзяўчаты, якія ўсё гэта прачытаюць, пачуюць: не перадавайце цвёрдую вэнджаную каўбасу.

Аляксандр Іосіфавіч раіў не перадаваць садавіну і гародніну, якая не можа захоўвацца ў разрэзаным выглядзе. А вось і тлумачэнне, чаму калі памідоры — то чэры:

— Звычайны разрэзаны памідор назаўтра будзе немагчыма з'есці. Калі вы ўсё, што адвялі на гародніну, занялі вялікімі памідорамі — лічыце, што ў два разы паменшылі пайку свайму дарагому і блізкаму чалавеку. Тое самае з апельсінамі: лепш перадаваць мандарыны. І натуральна, гэта не павінна быць пераспелая гародніна і садавіна. Лепш яны будуць крыху недаспелымі, чым сапсуюцца проста ў камеры.

Ваду старайцеся перадаваць негазаваную, раіць Фядута.

— Выдыхлая газаваная вада агідная. А негазаваная прымальная і для рознага роду гігіенічных мэт. Ёю можна паласкаць рот, запіваць лекі, чысціць зубы.

 

"Я чакаў усяго чаго заўгодна з волі, са свабоды"

Кніжкі Аляксандру Іосіфавічу не перадавалі, а куплялі за грошы, якія жонка пералічвала на спецрахунак "Амерыканкі". Для літаратуразнаўца і палітолага Фядуты мець у камеры літаратуру было вельмі важна. Але спіс літаратуры для СІЗА можа моцна адрознівацца ад таго, якому вы аддалі б перавагу ў мірным жыцці.

— Памятайце адну рэч: не трэба чытаць страшныя кнігі. Не трэба чытаць кашмары. Чытайце лёгкую літаратуру, якая здольная даставіць вам задавальненне. Чытайце гістарычныя раманы, чытайце вершы, чытайце вясёлых аўтараў накшталт Ільфа і Пятрова.

Паверце, гэта тое, што можна перачытваць, колькі б вас ні трымалі, і вы раз за разам будзеце атрымліваць ад гэтага чытання задавальненне.

Тады, летам, Фядута папярэджваў, што газета можа прыйсці ў СІЗА ў ладна пакрамсаным фармаце. Ён яшчэ не ведаў, што да вясны 2021-га ў краіне можа амаль не застацца друкаванай перыёдыкі з артыкуламі пра тое, што адбываецца.

Александр Федута: всем, кто сидит по этому делу, скажут — о вас забыли
Аляксандр Фядута ў студыі Еўрарадыё

— У "Амерыканку" дазваляюць выпісваць газеты, але іх прачытае цэнзар і выража ўсё, што можа расказаць вам пра навакольны свет. Але зусім не перадаць газету не могуць, вы за перасылку заплацілі. Могуць выразаць хоць усю газету цалкам, але знешнія белыя краі і шапку яны абавязаны перадаць.

Цяжка будзе беларускамоўным чытачам: акрамя "Народнай волі", ім амаль не будзе чаго выпісаць, разважаў Фядута. Ён яшчэ не ведаў, што і друкаванай "Народнай волі" да вясны ўжо не застанецца.

— Калі хочаце нешта пачытаць — проста пачытаць, а не даведацца, што адбываецца за межамі камеры, — калі мяркуеце, што вас будуць трымаць доўга, выпісвайце "Нашу гісторыю".

— А самі тады чаго чакалі больш за ўсё?

— Чаго я чакаў? Я чакаў лістоў, якіх не было. Доўгі час іх проста не перадавалі. Я чакаў усяго чаго заўгодна з волі, са свабоды.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі