Палітвязень Аляксандр Фядута ў калоніі схуднеў на 30 кг
Аляксандр Фядута на судзе
Палітвязень Аляксандр Фядута ў папраўчай калоніі №15 пад Магілёвам схуднеў на 30 кг. Пра гэта ў інтэрв'ю Радыё "Свабода" расказаў экс-палітвязень Аляксей Кірэеў, які ў мінулым месяцы выйшаў на волю.
Літаратуразнаўцу і паліттэхнолага Фядуту асудзілі на 10 гадоў, абвінаваціўшы ў "змове з мэтай захопу ўлады". Па гэтай жа справе былі асуджаныя кіраўнік Партыі БНФ Рыгор Кастусёў і юрыст Юрась Зянковіч.
Паводле Аляксея Кірэева, зняволеным забаронена кантактаваць з Фядутам, таму большасць часу ён "сядзіць у курылцы адзін". Вязняў пагражаюць адправіць у ШІЗА (штрафны ізалятар).
Сам Кірэеў змог пагаварыць з ім, калі перажыў інсульт і не хадзіў у прамзону працаваць — заставаўся ў атрадзе, як і Фядута. Паводле яго, Фядута казаў пра сябе: "Цяжка, але трымаюся, змагаюся".
Кірэеў кажа, што па вонкавым выглядзе Фядуты бачны ягоны цяжкі стан: "Ведаю, што ў яго ціск, сэрца. Раней назіраў, як раніцай, калі ўсе выйшлі на працу, яму раптам станавілася блага, хапаўся за агароджу, каб не ўпасці. Потым яго вялі ў медчастку, на тры дні давалі вызваленне ад працы, на "промцы" яго не было. Але ў іншыя дні ён мусіць працаваць — падмятае ў цэху пасля таго, як работы закончацца. Відаць, што стамляецца, яму цяжка. Сам казаў, што схуднеў на 30 кілаграмаў. Дык гэта відаць — скура на ім вісіць".
Ён кажа, што сёлета Фядута ляжаў у шпіталі ў Калядзічах і што яго часта выклікаюць на размовы ў адміністрацыю.
Расказваючы пра парадкі ў калоніі, Кірэеў паведаміў, што там спалілі большасць беларускіх кніг, а таксама вядомыя раманы Джорджа Оруэла "Ферма" і "1984". Кнігі беларускіх сучасных аўтараў зніклі з бібліятэкі ў сакавіку.
"Усе ведалі, дзе стаяць беларускія кнігі — на палічках проста каля бібліятэкара. Памятаю, там быў збор твораў Максіма Гарэцкага, яшчэ было шмат кніг маладых аўтараў. Ужо нічога няма. І кніг па гісторыі, асабліва тых, што выдадзеныя ў пачатку 90-х гадоў, нічога няма. Гэта здарылася недзе ў сакавіку. Потым хлопцы з качагаркі расказалі, што да іх прывезлі дзве тачкі кніг і ўсё загадалі спаліць. Там былі і кнігі Оруэла — "Ферма", "1984". Прычым не па адным экземпляры, а па некалькі. Усё пайшло ў топку. Пры мне беларуская паліца ў бібліятэцы была амаль пустая", — згадвае былы палітвязень.
Расказаў ён і пра харчаванне ў калоніі. Кажа, што гародніны вязням не даюць нават улетку — пераважна кашы: "Людзі ратуюцца толькі тым, што нейкія вітаміны купляюць у турэмнай краме". Але адміністрацыя калоніі з пачатку года ўвяла новы парадак наведвання гэтай крамы: першымі атаварваюцца непалітычныя, потым вязні з нізкім сацыяльным статусам, а толькі потым палітычныя. "Яўна гэта прыніжэнне палітычных і дадатковыя абмежаванні. Бо калі ў апошнюю чаргу заходзіш у краму, там ужо мала чаго засталося. Памідораў, гуркоў ці яблыкаў на ўсіх не хапае — гэта дакладна", — канстатуе Кірэеў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.