Аляксандр Памідораў і Міхей Насарогаў спяюць песні Майка Навуменкі
Невялікі гарадскі оўпэн-эйр адбудзецца ў сталічным "Чырвоным дворыку" напярэдадні 22-й гадавіны смерці легендарнага піцерскага музыкі.
25 жніўня ў “Чырвоным дворыку” у Мінску (вул.Рэвалюцыйная, 7) адбудзецца канцэрт-прысвячэнне культаваму піцерскаму музыку Майку Навуменку.
“Мы будзем абодва знаходзіцца на сцэне і па чарзе выконваць свае ды майкаўскія песні, але гэта не будзе дуэт, ці што такое, — распавядае Аляксандр Памідораў. — Безумоўна, мы будзем неяк падтрымліваць адзін аднаго, неяк падыгрываць на гітары, падкрыкваць, пахрыпваць… Карацей, так, як гэта часам адбывалася на сумесных канцэртах Цоя ды Майка, Майка ды Грабеншчакова, ці ўвогуле хрэн ведае каго, калі проста натоўп граў канцэрт”.
Сама ідэя, зрабіць такі канцэрт, у Аляксандра Памідорава з’яўлялася кожны жнівень, бо ў 1991 годзе смерць лідара “Зоопарка” эмацыйна перакрыла для яго нават “Путч” і іншыя падзеі. Калі на прапанову адгукнуўся Міхей Насарогаў, усё атрымалася само сабой. Насарогаў дадае, што для кавераў песень Майка музыкі абралі па 10 кампазіцый і не супалі ні ў адной. Саша — больш лірычныя, Міхей — “самую чарнуху”.
Пачатак канцэрта ў 19:00, спазняцца не варта, бо працягнецца ён толькі дзве гадзіны, каб не перашкаджаць мясцовым жыхарам. Падрабязнасці ў Facebook!