Аляксандр Ярашук: Кіраўніцтва прафсаюза РЭП само моцна “падставілася”

Аляксандр Ярашук: Кіраўніцтва прафсаюза РЭП само моцна “падставілася”

2 жніўня Аляксандра Ярашука следчыя Дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю дапыталі ў якасці сведкі па справе аб ухіленні ад выплаты падаткаў яго калегамі з прафсаюза РЭП. Па інфармацыі следчых КДК, “старшыня і галоўны бухгалтар прафсаюзнай арганізацыі з мэтай асабістага ўзбагачэння адкрылі ад імя прафсаюза рахункі ў замежных банках, на якія пастаянна паступалі буйныя сумы грашовых сродкаў”.

Па словах Ярашука, у яго следчыя цікавіліся сумесным праектам прафсаюза РЭП і Беларускага незалежнага прафсаюза з прафсаюзам Даніі “3F”.

Ярашук: “У іх руках (следчых ДФР — Еўрарадыё), калі ўжо казаць наўпрост, уся перапіска, якая вялася з дацкім прафсаюзам “3F” і дацкім Міністэрствам замежных спраў. Гэта была даволі шумная гісторыя, якая выходзіла далёка за межы прафсаюзнага руху”.

Гучнасць гэтай гісторыі ў тым, што яна моцна пасварыла паміж сабой незалежныя прафсаюзы Беларусі. Бо датчане вырашылі супрацоўнічаць выбарачна — толькі з прафсаюзам РЭП і Беларускім незалежным прафсаюзам. У чым сэнс таго праекта, Ярашук, па яго словах, не ведае. Бо не хацеў ведаць, зразумеўшы, што праект “працуе на сепаратызм і раскол незалежнага прафсаюзнага руху Беларусі”.

Ярашук: “Я следчым напісаў, што нічога не ведаю ні пра тое, якім чынам ажыццяўлялася фінансаванне, хто там канкрэтна вазіў ці не вазіў грошы. Я лічу, што ў свой час я годнае рашэнне прыняў не лезці ў гэты бруд. Бо нічога не дамагуся, апроч таго, што ствару сабе адпаведную рэпутацыю. Але тое, чаго я і мы ўсе баяліся, — гэты гнайнік прарваўся, на вялікі жаль. Сёння мне сітуацыя нібыта дыктуе казаць, што “крывавы рэжым” наехаў на маіх людзей, на маю арганізацыю, але трэба быць аб’ектыўным. Я не магу сёння казаць пра “крывавы рэжым” і “белых і пухнатых” маіх калег. Наламалі яны дроў. Але сказаць вам, што там следчыя накапалі і ці дае накапанае падставы для такіх абвінавачванняў, я не магу — я ніякіх такіх пытанняў падчас допыту не задаваў”.

Параўноўваць “справу Фядыніча” са “справай Бяляцкага” Ярашук адмаўляецца. Кажа, гэта могуць рабіць журналісты, а калі параўнае ён, то страціць павагу да самога сябе. Хаця лідар БКДП і не выключае, што штуршок усёй справе магла даць актыўная роля прафсаюза РЭП падчас антыдармаедскіх акцый.

2 жніўня супрацоўнікі Дэпартамента фінансавых расследаванняў правялі ператрус у мінскім офісе прафсаюза РЭП. Старшыня прафсаюза Генадзь Фядыніч затрыманы, да яго паехаў адвакат. Месцазнаходжанне яго намесніка Аляксея Комліка невядомае. У гэты ж дзень прайшоў ператрус і ў офісе Незалежнага прафсаюза гарнякоў у Салігорску. Там таксама праваахоўнікі правялі выемку дакументаў і камп'ютараў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі