Амаль 300 дамоў Гомеля год жывуць без вулічнага асвятлення
Каля 300 прыватных дамоў у Гомелі больш за год жывуць без вулічнага асвятлення. Як піша газета "Советская Белоруссия", гэта чатыры вуліцы і тры завулкі ў былым пасёлку Чапаева.
Да 2015 года праблемаў з вулічнымі ліхтарамі ў раёне не было. Аднак летась улады правялі рэканструкцыю электрасетак, якая завяршылася вулічнай цемрай.
Жыхары наракаюць на тое, што здабычай злодзеяў становяцца накрыўкі ад вулічных люкаў. З гэтай прычыны хадзіць па вуліцах у цёмны час сутак становіцца вельмі небяспечна: у раёне сем адчыненых калодзежаў. Да таго ж, павялічылася і колькасць крадзяжоў.
Гендырэктар камунальнага вытворчага ўнітарнага прадпрыемства "Гомельская гарадская ЖКГ" Віктар Кулага паведаміў журналістам, што рэканструкцыю электрасетак праводзіла "Гомельэнерга", а вулічнае асвятленне на грошы з гарадскога бюджэту — камунальнае прадпрыемства "Гомельгорсвятло". Другую частку работаў не ўдалося выканаць праз адсутнасць фінансавання. На гэтыя работы патрэбна 1 мільярд 200 мільёнаў недэнамінаваных рублёў.
Старшыня Гомельскага гарвыканкама даў даручэнне адшукаць сродкі для вырашэння праблемы. Па словах Кулагі, аднаўляць вулічнае асвятленне пачнуць ужо на наступным тыдні. Спецыялісты спадзяюцца завяршыць рамонтныя работы да Новага года.